Чыноўнікі з Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі распавялі, хто быў ініцыятарам зменаў у закон аб аўтаперавозках.

Як вядома, з 26 лютага з-за гэтага новаўвядзення змяняецца схема працы міжгародніх маршрутак, а некаторыя перавозчыкі прыпынілі паездкі. На «засілле» «нерэгулярных перавозчыкаў» паскардзіліся «многія транспартныя кампаніі» — афіцыйныя рэгулярныя перавозчыкі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко. Паводле яго слоў, у скаргах адзначалася, што перавозчыкі карысталіся «недасканалым заканадаўствам» і выконвалі рэгулярныя рэйсы, не маючы на гэта ліцэнзіі. З-за гэтага «афіцыйныя перавозчыкі апынуліся ў заведама няроўных умовах».

Намеснік міністра прызнае, што з-за ўступлення ў сілу новаўвядзенняў на некаторых накірунках знізілася колькасць маршрутак (некаторыя прыватнікі спынілі паездкі). І Мінтранс працуе над тым, каб «зняць напружанасць». Шышко назваў найбольш праблемныя гарады — Наваполацк, Полацк і Салігорск. І калі маршруткі не адновяць рэйсы, «будуць прынятыя ўсе меры, каб забяспечыць перавозкамі пасажыраў».

У той жа час чыноўнік адзначыў, што маршрутчыкам ніхто не забараняе выдаваць білеты пасажырам, забіраць іх з прыпынкаў, але адпраўляцца яны абавязаныя з… вакзалаў ці з дыспетчарскіх станцый, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на sb.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0