У атачэнні Міколы Статкевіча з'явіўся дагэтуль невядомы чалавек — Сяргей Спарыш.

Некалькі дзён таму гэты актывіст быў абраны генеральным сакратаром палітычнай арганізацыі Статкевіча — арганізацыйнага камітэта па стварэнні партыі БСДП «Народная Грамада».

І менавіта яго Статкевіч вылучыў у склад «перамоўшчыкаў» з Мінгарвыканкамам ад Аргкамітэта па святкаванні стагоддзя БНР. 

Але што гэта за чалавек? 

Паходзіць Спарыш з Гродна, яму 31 год. 

Хлопец па прафесіі музыкант — скончыў каледж у Гродне, потым тры гады вучыўся ў акадэміі, але не скончыў яе.

Сем год адпрацаваў зваршчыкам, большасць часу — на Мінскім заводзе колавых цягчачоў. Звольнілі яго адтуль, кажа ён, за «публікацыю на Хартыі». Пакуль не працуе. 

А палітычны шлях у яго мудрагелісты — Сяргей быў актывістам пралукашэнкаўскай Камуністычнай партыі, потым адкалоўся ад яе. І пасля ваганняў далучыўся да руху Статкевіча. 

Вось як ён апісвае гэта сам: 

«Пасля маршаў недармаедаў у мяне ўтварылася невялікае кола знаёмых. І было жаданне стварыць нейкія паралельныя апазіцыйныя сеткавыя структуры. Адчуваў, што магчымыя перамены кшталту Майдану, — кажа Спарыш у адказ на пытанне, што прывяло яго да Статкевіча. — Але калі я ўбачыў, на што здольныя апазіцыйныя сілы, узнікла расчараванне і разуменне, што я ў чымсьці памыляюся. Тады я прыйшоў да Статкевіча як да аднаго з найбольш радыкальных. І ўзнікла жаданне пагаварыць з ім, з яго людзьмі. Калі пазнаёміўся, то ўзнік давер. Уступіў у партыю сам таго не чакаючы, у той жа дзень». 

У руху Сяргей менш за год, а ўжо — «генеральны сакратар». Чым тлумачыцца такі кар'ерны ўзлёт? 

«Па-першае, гэта недабор актывістаў. Па-другое — разуменне кіраўніцтва, што патрэбна амаладжэнне», — разважае Спарыш.

 

Свой удзел у камуністычнай партыі актывіст называе памылкамі маладосці і пікіроўкай з бацькамі: ён — сын старшыні гродзенскага аддзялення Саюза мастакоў. І насуперак бацькам з бэнээфаўскімі поглядамі «пачаў настальгаваць па тым, чаго не бачыў». Цяпер сябе ён апісвае так: «я не рускамірац, але і не празаходні».

Карыстаючыся выпадкам, мы спыталіся, як ён — генеральны сакратар руху Статкевіча — ставіцца да неадназначных паплечнікаў. 

Як вядома, кіраўніца магілёўскага аддзялення руху знаходзіцца ў сяброўскіх адносінах да прарасійскага актывіста Галавіна, які выходзіў з расійскім сцягам на плошчу Незалежнасці ў Мінску.

«Гэта пытанні да яе. Але ёсць праблема, што людзей мала, і яны маюць розныя погляды. Не ўсе сацыял-дэмакраты, але яны прыходзяць да Статкевіча. І проста так адштурхоўваць ад сябе актывістаў… мы не маем права, мне здаецца. Так, у яе ёсць некалькі выказванняў, але…», — падсумаваў ён. 

  Кіраўніца магілёўскай філіі арганізацыі Статкевіча Вольга Тышкевіч разам з кіраўніком «НОД Беларусь» Аляксеем Галавіным.

Кіраўніца магілёўскай філіі арганізацыі Статкевіча Вольга Тышкевіч разам з кіраўніком «НОД Беларусь» Аляксеем Галавіным.

Мы таксама спыталіся пра лёс чалавека, які быў найбліжэйшым паплечнікам Статкевіча летась — Сяргея Кунцэвіча. Нагадаем, той сцвярджаў, што яго катавалі ў СІЗА КДБ электрашокерам. А пасля вызвалення абрынуўся на Міколу Статкевіча з неадэкватнай крытыкай.

«Ён ад пачатку быў не зусім нармальным, мы з ім сувязь не падтрымліваем», — сказаў Спарыш.

Чытайце таксама: Фрык з «НОД», мілітарыст, кіраўнік прадпрыемства… Хто выйшаў на пікет у падтрымку Расіі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?