Супрацоўнікі мытні выявілі чамадан срэбра, які ураджэнка Карэліі спрабавала правезці без дэкларацыі, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

Ураджэнка Карэліі прыляцела ў Нацыянальны аэрапорт авіярэйсам Кіеў — Мінск і пайшла па «зялёным» калідоры, дзе не трэба дэклараваць тавары.

Выгляд і вага яе багажу выклікаў падазрэнне ў мытнікаў, у сувязі з чым жанчыну запрасілі на «чырвоны» калідор і праверылі рэчы сканарам.

Сярод рэчаў выявілі партыю ўпрыгожванняў і аксесуараў са срэбра, расфасаваных у мяшочкі: больш за тысячу брошак, ланцужкоў, запінак, заціскаў, гузікаў, спражак, зашпілек і іншых прадметаў. 11,5 кілаграма упрыгожванняў знаходзіліся ў адным чамадане.

Жанчына патлумачыла, што купіла ювелірныя вырабы ў Турцыі для далейшага продажу.

Жанчыне пагражае штраф у памеры ад пяці да пяцідзесяці базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0