28 лютага — 4 сакавіка 2018 году (серада-нядзеля) адбудзецца XXV Менскі міжнародны кніжны кірмаш. У ім возьмуць удзел выдавецтвы з больш чым 20 краінаў сьвету!

Галоўная тэма сёлетняе выставы-кірмашу — Беларусь — культурная пляцоўка Эўропы. 

Мерапрыемства пройдзе ў будынку Нацыянальнага выстаўнага цэнтру (г. Менск, пр-т Пераможцаў, 14).

Падрабязная праграма тут.

У кірмашы ўдзельнічае «ARCHE»!

Кнігі й часопісы нашага выдавецтва можна знайсьці пад шыльдаю ТАА «Гайсак» (на далучанай схеме жоўтага колеру).

На выставе можна будзе пазнаёміцца з выданьнямі ARCHE, задаць пытаньні й даведацца пляны выдавецтва.

У экспазыцыі будзе выстаўлена больш за 100 нашых публікацыяў. Некаторыя зь іх можна будзе пабачыць і купіць толькі на выставе.

На кірмашы вы зможаце першымі набыць кнігі й часопісы, што нядаўна выйшлі з друку!

Навінкі выдавецтва ARCHE:

Богдан Мусял — Савецкія партызаны ў 1941—1944 гг. Міфы і рэчаіснасць 

У гэтай працы на прыкладзе Беларусі шырока даследуецца гісторыя савецкага партызанскага руху ў час Другой сусветнай вайны. Робіцца гэта на аснове крыніц з беларускіх, расійскіх, нямецкіх, а таксама часткова польскіх і літоўскіх архіваў, якія да гэтага часу не былі ўведзеныя ў шырокі навуковы ўжытак.

У кнізе храналагічна рэканструюецца развіццё савецкага партызанскага руху ў Беларусі ад яго пачатку летам 1941 г. да роспуску летам 1944 г., а таксама аналізуюцца яго сацыяльна-гістарычныя ды этнічныя аспекты. Акрамя пытанняў, на якіх традыцыйна акцэнтуюць увагу беларускія даследчыкі, аўтар кнігі не абыходзіць увагай і тыя праблемы, якія традыцыйна лічацца на постсавецкай прасторы «нязручнымі».

Выданне прызначана для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Другой сусветнай вайны.

Зьмест
Уводзіны
►Цана 17,9 руб.

Уладзімір Канановіч — Рыцар на полі бітвы: Клецк, жнівень 1506 года 

У кнізе рэканструюецца ход і характар бітвы пад Клецкам 1506 г., якая была адной з найбольш важных і знакамітых у вайсковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая падзея разглядаецца на фоне агульнага ваенна-палітычнага становішча ва Усходняй Еўропе на мяжы XV—XVI стст.

Даследаванне праведзена з выкарыстаннем метаду гістарычнай антрапалогіі: адзін з яго раздзелаў уяўляе сабой палітычную біяграфію галоўнага героя бітвы пад Клецкам Міхаіла Глінскага, не абмінутыя таксама ўвагай і іншыя найбольш яркія палітычныя постаці тагачаснай дзяржавы Ягелонаў.

Акрамя таго, аналізуецца гісторыя стварэння памяці пра Клецкую бітву 1506 г.: складванне вобразу бітвы, а таксама яе галоўнага героя, у свядомасці сучаснікаў і нашчадкаў, а таксама трансфармацыя гэтага вобразу на працягу стагоддзяў.

Зьмест
Уводзіны
►Цана 11,9 руб.

Таццяна Сцяшковіч — Слоўнік Гродзенскай вобласці

Слоўнік раскрывае лексічнае і фразеалагічнае багацце Гродзеншчыны. Першае выданне было надрукавана ў 1983 годзе накладам 600 асобнікаў. Адна з каштоўнасцяў працы — у дакладным адлюстраванні фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных асаблівасцяў мясцовага маўлення. У папраўленым выданні галоўным заданнем было запісаць ілюстрацыйны матэрыял спрошчана, набліжана да арфаграфічнага пісьма. Праца разлічаная не толькі на мовазнаўцаў. Разгарніце слоўнік — і з вамі загавораць жыхары Гродзеншчыны, паўстане беларуская вёска з тагачасным побытам ды рэаліямі. Ідэя зрабіць слоўнік зручнейшым у выкарыстанні і тым сама даць яму другое жыццё належыць беларускаму мовазнаўцу Змітру Саўку, які, на вялікі жаль, не паспеў падрыхтаваць да друку гэтае працы. У папраўленым варыянце да загалоўнага слова, запісанага ў літаратурнай форме, у дужках падаецца спрошчаная транскрыпцыя мясцовага вымаўлення. Удакладненыя тлумачэнні загалоўнага слова або яго літаратурныя адпаведнікі. Галоўныя змены зазнаў ілюстрацыйны матэрыял: цяпер ён запісаны спрошчанаю фанетычнаю транскрыпцыяй. 

Зьмест
Уводзіны
►Цана 8,9 руб.

ARCHE № 5 (155) — 2017. Старонкі ваеннай гісторыі. Акупацыйная палітыка, савецкая партызанка і мясцовая калабарацыя

Тэматычны нумар «ARCHE» працягвае традыцыю ваенных выпускаў, прысьвечаных тым аспэктам гісторыі апошняй акупацыі Беларусі, якія былі невядомыя, забытыя або нават адмыслова выкрасьленыя з калектыўнай памяці.

Крысьціян Герлах на аснове рэальных фактаў піша пра нямецкія пляны калянізацыі Беларусі ў 1941—1944 г., Юры Грыбоўскі — пра нацыянальную актыўнасьць беларусаў на паўднёвым Падляшшы (раён Белай Падляскай) у 1940—1944 гг., якая выразілася ў вострай канкурэнцыі з украінскімі актывістамі за сьвядомасьць тамтэйшага карэннага насельніцтва.

Завяршаецца нумар публікацыяй Кацярыны Кедынг пра прадстаўленьне нямецкай акупацыі, савецкага партызанскага руху і калябарацыі ў музэях Віцебшчыны.

Зьмест
►Цана 7 руб.

Марцін Полак — Затушаваныя краявіды

Кніга аўстрыйскага пісьменьніка й рэпартэра Марціна Полака прысьвечаная праблемным аспэктам культуры памяці ў грамадзтвах Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. У Беларусі, Украіне, Славеніі, Польшчы, Аўстрыі ды іншых краінах існуе бясконцая колькасьць масавых пахаваньняў, не ўшанаваных як сьлед. Больш за тое, многія масавыя магілы, дзе ляжаць целы ахвяраў, забітых без суду й сьледзтва камуністычнымі або нацысцкімі катамі, нават не пазначаныя ў публічнай прасторы. Прыгожыя краявіды гэтых краін хаваюць у сабе сьляды масавых забойстваў, якія выпадкова можна выявіць нават і сёньня. Пакуль памяць пра гэтых ахвяр ня будзе вернутая, а месцы іхных пахаваньняў ня будуць увекавечаныя, гэтая страшная, крывавая гісторыя можа даваць рэцыдывы й у нашыя дні. Кніга Марціна Полака — гэта выдатны ўзор літаратуры факту з элемэнтамі рэпартажу, вуснае гісторыі й гісторыі штодзённасьці. У Беларусі мы добра ведаем гэты жанр па творах Алеся Адамовіча й Сьвятланы Алексіевіч. Толькі што аўтарская пэрспэктыва тут яшчэ больш бескампрамісная да ўсіх праяў хлусьні й прапаганды. Кніга выклікае цікавасьць у розных краінах. Яна даступная на нямецкай, польскай, італьянскай, украінскай, а цяпер і беларускай мовах!

Прадмова
►Цана 7 руб.

Кніжны кірмаш працуе:

28 лютага (серада): ад 12:00 да 19:00

1—3 сакавіка (чацьвер-субота): ад 10:00 да 19:00

4 сакавіка (нядзеля): ад 10:00 да 15:00

Задаць нам пытаньні можна па тэлефоне (29) 550-79-69 або на старонках у сацыяльных сетках:

УКантакце , FacebookTwitter

Уваход вольны!

Каб лепей з'арыентавацца, на месцы можна будзе ўзяць плян-схему разьмяшчэньня стэндаў.

Да сустрэчы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0