Фота Сяргея Гудзіліна

Паглядзеў трохгадзінную спрэчку наконт таго, што рабіць 25 Сакавіка. Павел Белавус, Эдуард Пальчыс, Антон Матолька — вы зрабілі, што маглі. Хлопцы, я маю прапанову. Не звязвайцеся вы з гэтым апазіцыйным палітбюро. Не марнуйце сілы і час.

Зрабіце нам лепей свята ў фармаце «Вуліца БНР». Вы ўмееце. Хай гэта будзе вулічны фэст, міні-краіна ў межах аднаго гарадскога кварталу — ды хоць бы на той жа культавай Кастрычніцкай.

Як бы я хацеў правесці Дзень Волі #100? Ведаеце, а я не хачу шэсця ад дубінкі да аўтазака. І нават не хачу канцэрта на дзве гадзіны з дрэнным гукам і зануднымі прамовамі апазіцыйных грандаў. Я хачу свята пад чыстым небам, куды можна прыйсці з сям’ёй, не баяцца арышту і мець магчымасць гуляць сярод разнастайных цікавостак. Каб была магчымасць і музыку паслухаць, і кавы папіць, і сяброў сустрэць. Каб было радасна і ўтульна.

Хай на «вуліцы БНР» людзі змогуць проста і спакойна пашпацыраваць з дзеткамі, дыхаючы вясновым паветрам. Хай у адным месцы спяваюць, у другім таньчаць, у трэцім дэкламуюць вершы, хай «Арт-сядзіба» сваю сімволіку прадае, хай стаяць фургончыкі, з якіх будуць прадаваць бел-чырвона-белыя хотдогі — ды што заўгодна. «Вуліца БНР» будзе святам у фармаце маленькай краіны, дзе ўсім ёсць месца і ніхто не манапалізуе прастору.

Між іншым, нашыя людзі ўжо прывыклі да такога фармату вулічных фэстаў і палюбілі яго. Узгадайце «Вуліцу Brazil» на той самай Кастрычніцкай. Гэта працуе! Не прыедзе Вольскі, не паспее Вайцюшкевіч? Не страшна. Нядаўна ў пераходзе на Каменнай Горцы невядомы хлопец спяваў пад гітару «Добрыя рэчы». Хай ён спявае на вулічным свяце. Не трэба звышскладаных імпрэзаў — людзі самі зробяць сабе свята.

Канечне, апазіцыйнае палітбюро назаве гэтую задумку «святам у гета». Э не, спадарове! Гета — гэта бязмэтнае таптанне на адным месцы два дзясяткі год. Хопіць вадзіць нас за нос з адной пустой плошчы на іншую.

Хай кожны ладзіць, што лічыць патрэбным. Мы жадаем дэмакратыі і плюралізму? Значыцца, людзі мусяць мець права выбару. Хто хоча — пойдзе на шэсце з канцэртам. Хто хоча — хай пойдзе на свята «вуліца Беларусь». Хай шэсце будзе ў першую палову дня, а свята — пасля абеду. Адно другому не пашкодзіць.

А калі і перасякуцца імпрэзы — тым лепей. Да каго пойдуць: на марш ці на вуліцу БНР? Хай стагоддзе БНР зробіцца момантам ісціны.

Чытайце таксама: Улады прапануюць правесці Дзень Волі ў цэнтры Мінска, але без шэсця

Статкевіч з Сіўчыкам супраць Янукевіча і Белавуса — захапляльнае абмеркаванне, што рабіць на Дзень Волі ЦЫТАТЫ; ВІДЭА

Павел Белавус пра 25 Сакавіка: Калі да панядзелка не будзе канкрэтыкі, то мы будзем рабіць усё па сваёй праграме

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?