На палесцінскім стэндзе Міжнароднай кніжнай выставы ў Мінску бясплатна раздаецца кніга з перакладамі вершаў палесцінскіх паэтаў на беларускую мову.
Пераклады зрабіў Мікола Мятліцкі, выдала — пасольства Палесціны.
Вокладка кнігі. Зверху — сцяг Палесціны, знізу — Беларусі
Прадмову да кнігі напісалі пасол Палесціны Халед Арыкат і міністр культуры Беларусі Юрый Бондар.
«Перакананы, што гэтае выданне будзе спрыяць далейшаму развіццю беларуска-палесцінскіх адносін, паглыбленню супрацоўніцтва паміж народамі, узаемнаму ўзбагачэнню культур. Як старшыня таварыства «Беларусь — Палесціна» мяркую, што гэтая кніга зробіць добры ўнёсак, каб дружалюбны беларускі народ больш даведаўся пра традыцыі, гісторыю і паэзію Палесціны, глыбей спазнаў менталітэт палесцінскага народа», — напісаў Бондар.
Але здзіўляе падборка вершаў у гэтай кнізе — паэзіі на агульначалавечыя тэмы там мала, дамінуе тэма палесціна-ізраільскага змагання, якая дзе-нідзе чытаецца паміж радкоў, а месцамі і гучыць наўпрост у даволі рэзкіх формах.
Прапануем вам падборку вытрымак з вершаў Муіна Бсісу, Саміха аль-Касема, Фадвы Тукан, Абу Салма і іншых.
***
Ты, хто мясарубку за сабой валачэ,
прызнайся, чаму навучыўся
у попел, перамолатага ў Асвенціме ўласнага мяса?
Хіба пасля падзення Іерусаліма,
пасля твайго Вавілонскага палону
і Старога запавету
ты атрымаў што-небудзь?
***
Цікава, ці празнаеш
раней, як тэрмін наступіць,
што наш дом — там,
што наша мора — там,
і табе іх ніхто не саступіць.
[…]
Мінулае наша бачыць цябе.
Бойся вучыць дзяцей
ісці па тваіх слядах,
бойся, што прачнецца вулкан, асцерагайся яго, не лічы
што нічога не пагражае самому табе!
***
Ды тыя з нас, хто жывым ацалее,
Пабачыць змогуць, аднак,
Розных спажывы зладзеяў,
Прыкончаць іх, як шалёных сабак.
***
Каханая Палесціна […]
У спробе ачысціць свет тваім імем
не стамлюся, і пачуцці свае таемна берагчы не перастану.
***
Я клянуся
Што павек Палесціна
Застанецца для нас святою.
Палесцінкаю ты застанешся
Пад крывавай зарою.
Мы праніжам дрыготную стынь
Новымі песнямі,
Кінем новыя зерні ў падсохлую глебу,
Арасіўшы крывёй
Плоць зніштожаных ніў пад зарой,
Хай мінуцца гады і нягоды —
Будуць шчодрымі ўсходы.
***
На тэлеэкране бачу паважны і лжывы твар.
О, калі б праўда святая ў імгненне яго разарвала на часткі!
А ёсць жа яшчэ атамны бык, ён тупы, быць жорсткім прывык,
ды мы павінны за рогі яго ўхапіць,
інакш мегатонная нага быка растопча нас усіх.
***
Хто мы цяпер у Ліване
перад вачыма тваімі:
мяшкі пяску, кулямі пасечаныя
бараны, што курчацца ў дыме?
Ліст ізраільскаму салдату:
Мы пішам табе да таго, як цябе — або нас — снарадамі не ссекла;
апошні асуджаны
апошняму захопніку,
хто Бейрут пераўтварыў у пекла.
Мы пішам табе, каб пасланы табою снарад памяць тваю перанёс
з мораку гітлераўскіх концлагераў
у целы нашы, у цемрыва нашых слёз.
***
На пальме мяне павесьце —
Я не здраджу і ёй.
Гэта зямля — мая.
Гэта поле — маё.
Тут я бегаў па лужах,
Рукі грэў ля агню.
Тут з малаком вярблюджым
Знаёміўся ўпершыню.
***
Палесціна-ізральскі канфлікт — ваенны канфлікт, якія цягнецца паміж Ізраілем і Палесцінай і з'яўляецца часткай больш шырокага араба-ізраільскага канфлікту. Гэта спрэчка за валоданне тэрыторыяй, якую бакі лічаць сваёй. Асобныя арабскія ўрады падтрымліваюць радыкальныя палесцінскія групоўкі, якія наносяць удары па тэрыторыі Ізраіля, ізраільскія ўдары ў адказ, звычайна, закранаюць і мірнае насельніцтва.