Ці могуць у краме адмовіць у абслугоўванні, спасылаючыся на неахайны знешні выгляд пакупніка? З такім пытаннем у рэдакцыю агенцтва «Мінск-Навіны» звярнуўся жыхар сталіцы Аляксей.

— Я стаў сведкам непрыемнай сцэны, — распавядае мужчына. — У харчовай краме, размешчанай у падземным пераходзе адной са станцый метро, паспрабавала зайсці жанчына бамжаватага выгляду. Яна хацела купіць кубачак кавы, грошы на тое ў яе былі. Прадаўцы ж не хацелі яе абслугоўваць, спасылаючыся на неахайны знешні выгляд і «водары». Наведвальнікам яны казалі, што гэтая жанчына не першы раз заходзіць у краму і сваім выглядам і пахам распужвае іншых. Таксама дадалі, што пасля візіту гэтай пакупніцы яны доўга не могуць выветрыць памяшканне. Наколькі правамерныя дзеянні працаўнікоў гандлёвай кропкі?

Па каментар журналісты звярнуліся ва ўпраўленне гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.

— Дзеянні прадаўцоў неправамерныя. У аб'екты грамадскага харчавання, гандлю павінны пускаць усіх ахвотных, незалежна ад іх знешняга выгляду, — патлумачыла начальнік упраўлення Ніна Емяльянава.

— А калі, па меркаванні прадаўцоў або адміністратараў, наведвальнік п'яны?

— Гэты факт павінен быць пацверджаны — неабходна медыцынскае заключэнне.

— Што рабіць прадстаўнікам гандлю ў такіх выпадках?

— Выклікаць міліцыю. Супрацоўнікі праваахоўных органаў адвязуць няўдалага пакупніка ў медустанову для агляду.

— А калі наведвальніка беспадстаўна, на яго погляд, не пускаюць у краму?

— Яму варта папрасіць Кнігу заўваг і прапаноў, у якой выкласці сутнасць таго, што адбываецца. Адказ на скаргу павінны даць на працягу 15 дзён. Абавязкова трэба пазначыць свае кантактныя дадзеныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0