Сябры!

Як вы маглі чуць урыўкамі з прэсы, улады пагадзіліся павесіць дошку на дом у Менску, дзе была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Учора стала канчаткова вядома, што такі дазвол ёсць.

І тут паўсталі дзве праблемы. Першая — цяперашняя дошка (якая была выраблена 25 гадоў таму, але так і не з’явілася на доме) знаходзіцца, мякка кажучы, не ў самым добрым стане. Яна адлітая ў 1993 годзе з сілуміну (сплаў алюмінію з крэмніем). Гэта не самы шляхетны матэрыял, глядзіцца ён больш чым просценька. Але для таго часу гэта было, бадай, самым даступным варыянтам. У двох месцах на дошцы былі дзіркі, заробленыя не вельмі ахайна. Вершнік складаецца з трох частак і літаральна развальваецца. Літары скачуць і маюць розны памер (аўтар наракае, што адлітая дошка была не вельмі якасна). Другая праблема — нам не пагаджаюцца ўзгадняць надпіс на дошцы тарашкевіцай. Да тэксту пытанняў няма, але ён мусіць быць сучасным правапісам.

У сувязі з гэтым Аргкамітэтам прынятае рашэнне экстранна вырабіць копію гэтай дошкі з бронзы. У згодзе з Аргкамітэтам па святкаванні юбілею адказнасць за гэтую справу я бяру на сябе. На фота — менавіта новая дошка, якая цяпер будзе адлівацца.

Збор грошай тут.

Адказваю на магчымыя пытанні.

1. А ці можна неяк перарабіць цяперашнюю дошку? Можна. Але ці не будзе нам сорамна за яе перад нашчадкамі? Бо дошка знаходзіцца практычна ў аварыйным стане і пры дэталёвым аглядзе выглядае, скажам так, не самым прывабным чынам.

2. Чаму не адліць зноўку з сілуміну, каб ашчадзіць грошы? Таму што эканомія на матэрыяле складзе толькі каля 40%, а глядзецца яна будзе ў разы горш. Робім жа на стагоддзі, праўда? Бронза — высакародны матэрыял. Стагоддзе БНР — тая дата, да якой трэба павесіць годную дошку.

3. Чаму мы павінны слухацца ўладу і выпраўляць тарашкевіцу на наркамаўку? Не павінны, можам пачаць дыскутаваць і адкласці справу яшчэ на 25 гадоў. Лепш, каб дошка з’явілася з парачкай папраўленых літар ці каб не з’явілася зусім?

4. Ці згодны аўтар Алесь Шатэрнік з праўкамі на дошцы і адліўкай яе з бронзы? Так, гэта робіцца з ягонай згоды. Больш за тое, спадар Алесь вельмі рады, бо ў 1993 годзе дошку адфармавалі і адлілі не вельмі якасна — і цяпер можна перарабіць яе больш годна. Паколькі спадар Алесь цяпер за мяжой, зрабіць копію дошкі ён упаўнаважыў скульптара Ігара Засімовіча.

5. Ці не знікне з дошкі «Пагоня». Не знікне. Гэтае пытанне ўздымалася і на цяперашні момант гаворка пра прыбіранне «Пагоні» не ідзе.

6. Дзе будзе змешчаная гэтая дошка? На будынку па цяперашняй вуліцы Валадарскага, 9 — менавіта там 25 сакавіка 1918 года была абвешчана БНР.

7. Чаму збіраецца менавіта такая сума? Кілаграм бронзы з адліўкай каштуе ў сярэднім 25 даляраў. Напрыклад, дошка Барадуліну, супастаўная паводле памераў, важыла 114 кілаграм. Калі б мы мелі больш часу, то адлілі б яе ва Украіне, як помнік Касцюшку. Але зрабіць гэта за тры тыдні і прывезці яе афіцыйна сюды немагчыма.

8. Калі з’явіцца дошка? Цяпер стаіць мэта вырабіць і перадаць яе на мантаж да 20 сакавіка з умовай, што да 25.03 яна будзе вісець на доме.

На астатнія пытанні адказ такі. Калі мы хочам, каб дошка з’явілася да 25 сакавіка, то адзіны спосаб — хуценька скінуцца і адліць годную бронзавую дошку з надпісам, які ўзгоднены ўладамі (на фота). Маханне кулакамі і страсанне паветра прапаную праводзіць у іншым месцы )

Збор грошай тут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0