Паміж Беларуссю і Расіяй зноў пачалася «малочная вайна» — Рассельгаснагляд забараніў да паставак у краіну амаль усю беларускую малочку, эмбарга пачынае дзейнічаць з 6 сакавіка.
Традыцыйна, расійскі бок апелюе да нібыта санітарных парушэнняў, а Беларусь адмаўляе іх наяўнасць.
Аляксандр Лукашэнка ўвогуле працытаваў даклад спецслужбаў.
«Мяне спецслужбы інфармуюць, што [расіяне] завезлі з Новай Зеландыі ці адкуль сухое малако, з'явіўся лішак, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако», — патлумачыў ён дзеянні Расіі.
Але ці так гэта?
У пошуках адказу мы звярнуліся да расійскіх сайтаў і вось чаму: апошнія некалькі год Расія актыўна выкарыстоўвае свае інфармацыйныя войскі пры любых нагодах — вайна на Данбасе, Алімпіяда, выбары прэзідэнта ЗША, тэракты ў Еўропе ці стварэнне станоўчага іміджу на форумах суседніх краін.
Таму адназначна можна меркаваць, што інфармацыйныя сілы Расіі адзначыліся сваёй прысутнасцю і ў ходзе гэтай «малочнай» вайны.
Такія тролі, па завядзёнцы, працуюць па строгіх метадычках з цэнтру, якія акрэсліваюць тэматыку паведамленняў — мноства такіх, выказаных у адным ключы думак, павінна стварыць уражанне грамадскага меркавання і патлумачыць насельніцтву санкцыі ў дачыненні саюзніка.
Мы прааналізавалі каментары на найбольш папулярных расійскіх сайтах: РІА, «Аргументы і факты», «Комсомольская правда», «Life» і іншых, каб выявіць, якія думкі пакліканыя данесці «тролі».
Асноўны іх пасыл такі: Беларусь — гэта хаб па перапродажу еўрапейскай прадукцыі ў Расію. Беларусы перабіваюць адрас вытворцы і пастаўляюць рускім санкцыйныя тавары — вось што раздражняе Расію і вось на чым робяць націск тролі.
Каменты ў такім духу мала падобныя на скаргі звычайных расіян, бо забарона еўрапейскіх прадуктаў — гэта перадусім палітычнае рашэнне асобнага чалавека, а не жаданне мільёнаў.
Таму можна меркаваць, што забарона беларускай малочкі — гэта такая сабе крыўда на Лукашэнку за тое, што ён спрабуе зарабляць на канфлікце Расіі і Захаду.
Адметна, што асноўная думка троляў з іншага боку ў тым, што гэта «ворагі» сабатуюць пастаўкі з Беларусі, бо Беларусь — гэта «апошні саюзнік», якога «губляе Расія».