Дзве вядучыя навучальныя ўстановы краіны (БДУ і БДУІР) вырашылі падвысіць цэны за навучанне ад 1 сакавіка гэтага года. Гарантыі, што зараз за флагманамі адукацыі не пойдуць іншыя ВНУ, няма.

Цікава прыгадаць, што моцную шокавую тэрапію ў выглядзе платнага навучання ў ВНУ беларускія студэнты паспыталі яшчэ ў 1940-я.

Агітацыйны плакат сталінскіх часоў.

Агітацыйны плакат сталінскіх часоў.

Маецца на ўвазе пастанова Савета Народных Камісараў СССР №1860 ад 2 кастрычніка 1940 года, паводле якой уводзілася плата за навучанне ў ВНУ. У Маскве, Ленінградзе і сталіцах саюзных рэспублік яна складала 400 рублёў, у іншых гарадах — 300. Найвышэйшай была плата ў мастацкіх, тэатральных і музычных установах — 500 рублёў на год (таксама ўводзілся фіксаваная плата за навучанне ў 8—10 класах сярэдняй школы, вучылішчах і тэхнікумах).

Для завочнікаў плата была ніжэйшая ўдвая.

Пастанова была ўведзеная ад 1 верасня 1940 года, г.зн. заднім чыслом.

Стыпендыю ад 1 лістапада маглі атрымліваць толькі выдатнікі.

З некаторымі змяненнямі пастанова СНК СССР №1860 праіснавала да 1956 года.

Такая ініцыятыва дзяржавы мела на мэце, па-першае, атрымаць дадатковыя грошы (для далейшай мілітарызацыі); па-другое, накіраваць масу моладзі ў рамесныя вучылішчы. Сталіністы разглядалі ўніверсітэты як магчымыя ачагі вальнадумства і не былі зацікаўлены ў вялікай колькасці людзей з вышэйшай адукацыяй.

 

«Прашу адлічыць мяне…»

У Нацыянальным архіве захаваліся справаздачы, якія сведчаць пра адносіны беларускіх студэнтаў да пастановы №1860.

7 кастрычніка 1940 года загадчыца аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КП(б)Б Рыўкіна пісала, што ў асноўным студэнты нібыта падтрымліваюць пастанову СНК, бо яна, на іх погляд, скіраваная на павышэнне якасці навучання. Рыўкіна прыводзіла прыклады, калі бацькі давалі аптымістычныя тэлеграмы дзецям: не хныкай, дапаможам.

Аднак гучалі і трывожныя ноткі. Рыўкіна канстатавала, што ад студэнтаў масава пайшлі заявы з просьбай адлічэння з ВНУ, пераводзе на завочнае альбо акадэмічным адпачынку.

У Мінскім педагагічным інстытуце за тры дні пасля пастановы заявы падалі 86 чалавек (пры агульнай колькасці 1500 студэнтаў), ў Віцебскім педагагічным — ад 80, у Мінскім медыцынскім — ад 82.

Іншыя байкатавалі заняткі. Паводле інфармацыйнай зводкі сакратара Мінскага гаркама ЦК КП(б)Б Кручкова, у Мінскім педвучылічшы імя Крупскай 4 кастрычніка 1940 года на 1 і 2 курсе раніцай адсутнічалі 100 чалавек, столькі ж — на вячэрняй змене. У тэхнікуме хлебапячэння заняткі прапусцілі 26 чалавек. Увогуле не з’явіліся і студэнты цэлай групы першага курса Віцебскага педвучылішча.

Адміністрацыі ВНУ імкнуліся пераламіць сітуацыю. У ход ішлі прафілактычныя гутаркі са студэнамі і бацькамі, ціск. Рыўкіна адзначае, што пасля адной такой гутаркі 20 студэнтаў педінстытута забралі заявы, матывуючы гэта тым, што ім дапамогуць бацькі.

Карціна мастака В.М. Савіцкага «Студэнтка-завочніца».

Карціна мастака В.М. Савіцкага «Студэнтка-завочніца».

Заклікі да дэманстрацыі

Самым небяспечным для адміністрацый ВНУ было, тое што студэнты дазвалялі сабе публічную крытыку. Самым апазіцыйным стаў Мінскі медінстытут. Дастаткова прыгадаць некаторыя выказванні. Студэнтка 3-га курса Каган: «Гэтая пастанова СНК контрэвалюцыйная. З’явіліся генералы, засталося ўвесці папоў і ўсё будзе па-старому». Студэнтка 2-го курса Беленькая: «Зараз аднолькавыя правы народам Англіі, ЗША і СССР». Студэнт гэтага ж ВНУ Чмыхаў увогуле заклікаў да дэманстрацыі.

Не адставалі і іншыя. Студэнт 3-га курса політэхнічнага інстытута Савічаў параўнаў пастанову №1860 з царскім загадам «аб кухарчыных дзеяцях» і заявіў, што, страціў тры гады маладога жыцця.

Студэнтка 3-га курса Мінскага педінстытута Давыдчык: «Чакаць лепшага жыцця ў сувязі за апошнімі законамі нельга. З чэрвеня выдадзены шэраг законаў, які робіць жыццё нашмат цяжэй».

Разумная студэнтка мела рацыю. Дастаткова згадаць указ аб пераходзе на васьмігадзінны працоўны дзень, сямідзённы працоўны тыдзень і забароне самавольнага сыходу з месца працы.

А студэнт Мінскага тэхнікума хлебапячэння Доўнар дэкламаваў верш расійскага паэта Лермантава:

Мое грядущее в тумане, былое полно муки зла,
Зачем не позже иль не рано меня природа создала…

Як дакладвала Рыўкіна, усе «контрэвалюцыйныя размовы» былі старанна зафіксаваны і перададзены следчым органам.

У юрыдычным інстытуце студэнты здавалі ў бібліятэкі падручнікі з надпісамі: «Вяртаем вам вашы падручнікі».

 

Хто такія выдатнікі?

Студэнты штурмавалі адміністрацыі ВНУ пытаннямі: чым цяпер адрозніваюцца савецкія студэнты і студэнты капіталістычных дзяржаў? Што будуць рабіць ВНУ, калі студэнты раз’едуцца па дамах? Ці будзе вольнае наведванне заняткаў? Ці мусяць плаціць за навучанне інваліды і сіроты? Уздымалі і пытанне абяцанай стыпендыі.

«Звязда» і «Советская Белоруссия» перадрукавалі гутарку са старшынёй Усесаюзнага камітэта па справах вышэйшай школы пры СНК СССР Сяргеем Кафтанавым. Высокі чыноўнік казаў, што стыпендыя за верасень будзе выплачана, але толькі выдатнікам. Каб стаць стыпендыянтам (памер стыпендыі складаў 250—310 рублёў), на сесіі трэба было атрымаць не менш за 2/3 адзнак «выдатна» (астатнія — не ніжэй за «добра»).

С.В. Кафтанаў

С.В. Кафтанаў

Што да першакурснікаў, дык на стыпендыю маглі разлічваць выдатнікі сярэдніх школ, якія прымаліся ў ВНУ без экзаменаў.

«Дзеці рабочых і сялян будуць пасвіць свіней»

Негатыўнай была рэакцыя бацькоў. Работніцы Віцебскай фабрыкі «КІМ» Дымент, Мазо, Берман і Стронгіна плакалі, даведаўшыся пра пастанову. Працоўны сталічнай тыпаграфіі «Чырвоная Зорка» Рудавік казаў: «Цяпер вучыць дзяцей зможа той, хто зарабляе 1000 рублёў, а дзеці рабочых і сялян будуць пасвіць свіней».

Агульны настрой адлюстраваўся ў ананімнай улётцы «контррэвалюцыйнага зместу», знойдзенай 5 кастрычніка на вуліцы Пуліхава на дзвярах дома супрацоўніка сталічнага прамгандлю Рапапорта: «Таварышы бацькі, што пішацца ў сталінскай Канстытуцыі: грамадзяне СССР займаюцца бясплатна. А глядзі што выходзіць: што няма як з рабочага здзерці апошнія капейкі, дык яны ўстанавілі свой сабачы загад. І так студэнту даводзіцца адно з двух: памерці галоднай смерцю або кідаць інстытут і ісці працаваць на скуралупаў. Яны не хочуць, каб дзеці рабочых былі якімі-небудзь інжынерамі або тэхнікамі. А хочуць, каб працавалі на іх, як пры цары. Далоў новы ўказ! Памятайце, што ён вас усіх закране!».

Кіраўніцтва ўвяло паслабленне

Кіраўніцтва БССР павінна было рэагаваць. 22 кастрычніка 1940 года а восьмай гадзіне вечара (такі парадак працы існаваў па непісаных сталінскіх законах) адбылася спецыяльная нарада у сакратара ЦК КП(б)Б Маліна з удзелам дырэктароў і парторгаў вядучых сталічных ВНУ. На нарадзе пастанавілі (канечне, пад кантролем Масквы) увесці, пачынаючы з другога курса вольнае наведванне траціны заняткаў і перанесці іх большую частку на раніцу і вечар, каб днём студэнты маглі падпрацаваць.

У сувязі з гэтай гісторыяй устае шэраг цікавых пытанняў: наколькі сёння беларускія студэнты здольныя супрацьстаяць пастаяннаму павышэнню платы за навучанне ў дзяржаўных ВНУ, ці існуе афіцыйны маніторынг настрояў студэнтаў на гэты конт. І, нарэшце, самае рытарычнае: ці ў стане сучасны сярэднестатыстычны студэнт пры аказіі працытаваць Лермантава?

P.S. Est modus in rebus (Усяму ёсць мяжа — лац.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?