Да 65-й гадавіны гэтай даты Радыё Свабода падрыхтавалі абноўленую «Картатэку Сталіна». Пра даўні праект апавядае Сяргей Дубавец.

1. Дакумэнты з сакрэтных архіваў КГБ

Гэтыя дакумэнты — з сакрэтных архіваў КГБ, якія ў пачатку 1990-х на хвілінку прачыніліся і тут жа зачыніліся зноў. Тое, што ўдалося «вынесьці», склала аснову «Картатэкі Сталіна».

2. 60 тысяч біяграмаў рэпрэсаваных людзей

У «Картатэцы» больш за 60 тысяч біяграмаў людзей, рэпрэсаваных паводле палітычных артыкулаў. Колькі такіх было ўсяго, ведае толькі КГБ. У энцыкляпэдычным даведніку «Беларусь», які таксама выйшаў напачатку 1990-х, называецца афіцыйная на той час лічба — 600 тысяч.

3. 4 з 6 абласьцей

Геаграфія — уся Беларусь з выняткам Горадзенскай і Гомельскай абласьцей (у матэрыялах, якія мне ўдалося атрымаць, іх не было).

4. 10 год працы

Апрацоўка гэтых матэрыялаў заняла ў мяне 10 гадоў. У 2013 годзе цягам двух месяцаў перад 5 сакавіка мы штодзень публікавалі 1000 біяграфіяў на сайце Радыё Свабода, якія ўласна і складаюць «Картатэку Сталіна».

5. Чэкістаў у якасьці ахвяраў няма

«Картатэка» зьняпраўджвае тэзу КГБ пра тое, што чэкісты самі найбольш пацярпелі ад рэпрэсіяў. У гэтых сьпісах чэкістаў у якасьці ахвяраў няма.

6. Большасьць пацярпелых — вяскоўцы

Абсалютная большасьць рэпрэсаваных — вяскоўцы. Пераважаюць мужчыны, але шмат таксама жанчын і дзяцей, прычым жорсткасьць пакараньня не залежыць ад полу і ўзросту.

7. Крымінальныя справы заводзілі на дзяцей

Дзяцей асуджалі ня як нечых сямейнікаў, а паводле сваёй асобнай крымінальнай справы.

8. Найчасьцейшыя абвінавачаньні

Найчасьцейшыя абвінавачаньні, пазначаныя ў «Картатэцы»: антысавецкая агітацыя, контрарэвалюцыйная прапаганда, выказваньне тэрарыстычных намераў, удзел у антысавецкай арганізацыі, шпіянаж на карысьць Польшчы і Латвіі.

9. Дзеля чаго я рабіў гэта?

Сьмерць соцень тысяч — статыстыка, сьмерць аднаго чалавека — трагедыя. У «Картатэцы» палітычныя рэпрэсіі пададзеныя як трагедыя — сьмерць і зламаны лёс канкрэтнай асобы. Можа, гэта ваш прадзед ці прабабка? Можа, вы ўбачылі, адкуль яны і адкуль карані вашага роду, вас саміх ці вашых знаёмых? Кожны факт гэтых біяграмаў працягвае жыць у нашым дні, уплываць на сёньняшняе жыцьцё, хоць мы пра гэта найчасьцей і ня ведаем. «Картатэка» раскажа…

10. «Картатэка» застаецца адным з найбольш запатрабаваных праектаў Свабоды

У сакавіку 2013 году «Картатэка Сталіна» стала адным зь пераможцаў конкурсу Радыё Свабода для журналістаў РС з розных краінаў сьвету. Публікацыі «Картатэкі» сталі лідэрам праглядаў у топ-20 матэрыялаў сайту Радыё Свабода за 2013 год.

P. S. Праект «Картатэка Сталіна» працягваецца. Празь пяць гадоў пасьля публікацыі мы даем ёй новае жыцьцё. На новым сайце stalin-list. org можна скарыстацца адмысловым пошукам, самому ўдакладніць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў ці дадаць новую біяграму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0