Пробашч мінскай парафіі св. Сымона і Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк Catholic.by расказаў пра тое, як будзе выглядаць Чырвоны касцёл пасля рэканструкцыі, якая распачалася восенню 2017 года.
Святар адзначыў, што рэканструкцыя будзе ісці ў тры этапы: спачатку — рэканструкцыя святыні звонку, другі этап — рэстаўрацыя знутры, трэці этап — адкрыццё духоўна-асветніцкага цэнтра.
Цэнтр змесціцца ў асобнай прыбудове да касцёла, якая, паводле слоў святара, была прадугледжана яшчэ ў праектных дакументах фундатара.
Духоўна—асветніцкі цэнтр пры касцёле аб’яднае нядзельную школу, будзе праводзіць адукацыйна-развіваючыя гурткі для дзяцей і г.д.
«З дзецьці мы працуем на працягу сямі гадоў, ад падрыхтоўкі да першай Камуніі да катэхезы школьнікаў. Нядзельную школу пры касцёле ў нас наведваюць больш за 800 дзяцей, таму адукацыйны цэнтр, які з’явіцца, дакладна не будзе пуставаць», — заўважыў кс. Уладзіслаў.
Як дадаў пробашч самай вялікай мінскай парафіі, за ўсе 107 гадоў з моманту ўзвядзення святыні ў ёй ні разу не было капітальнага рамонту.
Сёння ідуць працы па замене даху святыні — металічную дахоўку мяняюць на керамічную. У планах — замена вітражоў.
«Рэканструкцыя — справа заўсёды няскорая. Спачатку трэба ўсё вывучыць, а ўжо тады прыступаць да выканання працы. Таму тут у нас паралельна ідзе і даследаванне, і бягучыя працы. Распачалі з плябаніі. Я сказаў бы, што гэта толькі першыя крокі, усё асноўнае яшчэ наперадзе».
Для вернікаў і турыстаў Чырвоны касцёл у Мінску адкрыты з 6.00 да 21.00. У нядзелю тут праводзіцца 11 імшаў.