Незалежнага журналіста з Глыбокага Змітра Лупача 6 сакавіка зноў пакаралі штрафам за «незаконны выраб прадукцыі СМІ». Гэтым разам на 563,5 рубля, піша Радыё Свабода.

За два з лішкам месяцы з пачатку 2018 года Зміцер Лупач быў аштрафаваны тры разы: у судах Пастаўскага, Докшыцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Агульная сума штрафаў Лупача за матэрыялы, паказаныя на тэлеканале «Белсат», складае 2 156 рублёў.

Спадар Лупач жартуе, што за кошт ягоных штрафаў улады спадзяюцца паправіць стан мясцовай эканомікі.

«Летась мяне найчасьцей штрафавалі ў Глыбоцкім райсудзе, а сёлета — у трох суседніх раёнах. Як на сьмех, апошні матэрыял, за які мяне судзілі, быў з самага беднага рэгіёна Віцебшчыны. Сярэдні заробак у Шаркаўшчыне далёка не 500 даляраў, а добра калі 400 рублёў. Мой штраф і то большы! У іншых рэгіёнах, зрэшты, практычна тое самае, але мае штрафы ніводзін бюджэт не ўратуюць», — кажа журналіст.

Паводле рэйтынгу, які складае ГА «БАЖ», Зміцер Лупач сёлета трапіў у лідары. Па колькасці і памеры штрафаў ён саступае толькі гомельскаму журналісту Кастусю Жукоўскаму (2 352 рублі за 2018 год). Лупач з'яўляецца абсалютным рэкардсмэнам па штрафах на Віцебшчыне, мясцовая міліцыя трымае пад увагай перадачы «Белсату» і адсочвае сюжэты, звязаныя з падзеямі ў рэгіёне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0