Адзін з арганізатараў музычнай часткі Дня Волі Павел Белавус у інтэрв’ю kp.by сказаў, што сярод тых, хто запрошаны выступіць 25 сакавіка, — Аляксандр Саладуха. «Калі Саладуха выканае некалькі песняў па-беларуску, то гэта будзе цікава. Усё ж заслужаны артыст Беларусі», — сказаў Белавус.

Аляксандр Саладуха. Фота spektr.by.

Мы пазванілі Аляксандру Саладуха, каб спраўдзіць гэтую інфармацыю. «Так, Валодзя [Плавінскі — «НН»] мне тэлефанаваў, запрашаў. Пакуль рашаем, ці варта выступаць», — кажа музыка.

Саладуха пацвердзіў «НН», што вялася гаворка пра выступ за ганарар. Па нашых звестках, сума аплаты можа скласці каля 500 даляраў.

Ці ведае Саладуха, што такое БНР? «Не, не ведаю. Мне казалі пра Беларускую Народную Рэспубліку» — «Дык гэта адно і тое ж» — «Я не ведаю, нарадзіўся ў Падмаскоўі, жыў у Казахстане. Толькі ў 20 гадоў пераехаў у Беларусь, налета будзе 40 гадоў, як жыву тут», — сказаў артыст.

А як музыка ставіцца да бел-чырвона-белых сцягоў і Пагоні? «Складанае пытанне. Ды нармальна стаўлюся, хаця дзяржаўныя сцягі ў нас жа іншыя. Я не асабліва цікаўлюся палітыкай».

Саладуха ў размове з «НН» паабяцаў, што цягам дня прыме канчатковае рашэнне, ці будзе выступаць на канцэрце 25 Сакавіка.

На канцэрце плануюць выступіць Лявон Вольскі, «Крама», «Нейра Дзюбель», «Дзецюкі», Akute, Пятро Клюеў з ЛСП.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру