Зьміцер Паліенка, які адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі, днямі даслаў ліст бацьку, у якім расказаў у тым ліку пра свой стан здароўя, піша Радыё Свабода.

«З нагой у яго цяпер нармальна. Сам піша, што рана ўжо загаілася, усё добра. Ня ведаю, адкуль узялася інфармацыя, што былі падазрэньні на гангрэну, мне ён такога не паведамляў», — расказаў пра стан зьняволенага сына Аляксандар Паліенка.

Бацька абверг і зьвесткі пра тое, што сына перавялі ў горшыя ўмовы працы.

«Наадварот. Яго перавялі з вырабу кардонных каробак, дзе шмат пылу, на пашыўку рукавіц. Ён сам папрасіўся, каб перавялі. У яго ж астма была, нельга дыхаць гэтым пылам. Дык цяпер лепш, бо пылу там няма. Хоць там і там амаль нічога не плацяць, можа, за год які рубель атрымае, недзе так. Але на рукавіцах яму лепей», — паведаміў Паліенка-старэйшы.

Пры гэтым Аляксандар Паліенка пацьвердзіў, што сына ў калёніі пэрыядычна зьмяшчаюць у карцэр.

«Можа, ня кожны месяц, але бывае. Ён там у іх на асаблівым рахунку, таму жоўтую бірачку на грудзях носіць. Як было ў нас спатканьне, дык быў з гэтай біркай, якая азначае, што ён неаднаразовы парушальнік рэжыму. Прыдзіраюцца да яго, безумоўна, ды і ён сам такі, вы ж ведаеце, запальчывы. Таму па-рознаму бывае».

Мікалай Паліенка паведаміў, што днямі адправіў сыну ў калёнію пасылку.

«Сабралі зь ягонымі сябрамі пасылку на 30 кіляграмаў. Харчы, якія ён прасіў, сухафрукты. Напісаў яму пра пасылку і цяпер чакаю паведамленьня, што ён пасылку атрымаў. Неўзабаве мусіць адказаць. У траўні ў яго будзе дзень нараджэньня, дык зьбіраюся на спатканьне», — сказаў бацька палітвязьня.

***

Зьмітра Паліенку трымаюць у Бабруйскай калёніі зь сярэдзіны мінулага году. Ён мае выйсьці на волю сёлета ў кастрычніку.

У кастрычніку 2016 году грамадзкаму актывісту Зьмітру Паліенку, якога абвінавачвалі ў нападзе на міліцыянта падчас акцыі «Крытычная маса», прысудзілі 2 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай. Празь некалькі месяцаў Паліенку зноў арыштавалі і асудзілі ўжо на рэальны тэрмін за тое, што нібыта парушаў правілы адбыцьця пакараньня. Доказам сталі затрыманьні актывіста на пратэставых акцыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0