Пётр (імя зменена) стварыў новы акаўнт у скайпе, каб расказаць сваю гісторыю брытанскаму ЛГБТ сайту PinkNews. Хоць ужо прайшло паўгода, як гэты праграміст пакінуў Расію, каб пачаць новае жыццё ў Беларусі, ён не хоча раскрываць сваё сапраўднае імя.

У апошнія гады геям у Расіі жывецца няпроста. Гісторыя іміграцыі пачалася для расіяніна, калі яго суседзі сталі пляткарыць пра Пятра і яго бойфрэнда. 32-гадовы хлопец адчуў на сваёй скуры, як хутка разляцелася навіна пра яго сэксуальную арыентацыю ў падмаскоўным гарадку. Хоць ён пражыў у гэтым гарадку ўсё сваё жыццё, праблемы сталі нарастаць.

Калі фатаграфія двух хлопцаў выйшла ў лідары конкурсу на найлепшую вокладку расійскага каталога кампаніі IKEA, арганізатары выдалілі яе са спіса. Ілюстрацыйнае фота.

Калі фатаграфія двух хлопцаў выйшла ў лідары конкурсу на найлепшую вокладку расійскага каталога кампаніі IKEA, арганізатары выдалілі яе са спіса. Ілюстрацыйнае фота.

Каб зарабіць на жыццё, Пятру давялося пагаджацца на больш нізкую аплату за працу. 

«Я не мог нармальна знайсці працу і зарабіць на жыццё, бо на форуме, на якім распісаныя ўсе праграмісты-фрылансеры, згадалі пра маю арыентацыю. Я ніколі не хаваў, што я гей, але пасля аўтынгу ў праграмісцкім асяродку знайсці працу стала цяжэй. Я мусіў пагаджацца на больш нізкі заробак».

Праблемы працай не абмежаваліся. Сваякі занялі варожую пазіцыю таксама і не пакінулі Пятру іншага варыянта, як толькі з’ехаць ад іх: «Сям’я ведала пра маю арыентацыю і паставілася вельмі негатыўна. Адной з галоўных прычын, каб пакінуць Расію, было тое, што так мала падтрымкі я адчуваў ад маёй сям’і», — кажа хлопец.

Цяжкасці сталі адбівацца на адносінах з бойфрэндам таксама. Хоць яны і пераехалі ў Пецярбург у спадзеве на лепшае жыццё, адносінам гэта не дапамагло, бо сітуацыя ў новым горадзе была ў прынцыпе такой жа. Адкрытыя геі не маглі знайсці працы і жылі ў страху нападу. Аднойчы бойфрэнд Пятра сказаў, што яму гэтага досыць. Не кожны здольны падтрымліваць адносіны, калі гэта выклікае столькі праблем.

Пасля гэтага Пётр вырашыў, што прыйшоў час пакінуць Расію. Сябар параіў яму пераехаць у Беларусь, дзе здаўна, яшчэ з часоў Івана Жахлівага і Пятра Першага, знаходзілі прытулак нямала мігрантаў з Расіі, якія ўцякалі ад рэлігійнага ці палітычнага пераследу. «У Беларусь можна прыехаць з Расіі нават без пашпарта і візы. Прасцей, чым ва Украіну, што і стала вырашальным момантам», — кажа Пётр.

«Калі я прыехаў у Беларусь, сябры прытулілі і дапамаглі ўзняцца на ногі — дапамаглі грашыма і такой-сякой працай. Беларусь больш талерантная за Расію. Я дагэтуль не знайшоў сталага занятку, але прынамсі я ведаю, што мяне тут не заб’юць. Можа, не цалкам талерантная, а старамодная краіна, але тут не забіваюць, як у Расіі», — кажа ўцякач.

Пётр, як і невялікая група яго сяброў, цяпер трымае сваю сэксуальную арыентацыю ў сакрэце і кажа пра яе толькі тады, калі адчувае сябе ў бяспецы: «Калі хто даведаецца, што я гей, яны могуць стаць агрэсіўнымі, справа можа дайсці да бойкі. У Расіі так заўсёды — толькі гвалт. Тут жа некаторыя людзі вельмі спакойна ставяцца, іншыя — заводзяцца. Але ў параўнанні з Расіяй, тут лягчэй трываць гэты цяжар».

Падобна іншым расійскім ЛГБТ+ уцекачам у постсацыялітычных краінах, Пётр хвалюецца, што час не на яго баку: каб жыць нармальным жыццём, трэба выбірацца далей. «Я працую, каб сабраць дастаткова грошай і з’ехаць з Беларусі. Я хачу ў Еўразвяз, у англамоўную краіну, дзе людзі больш цярпімыя», — кажа Пётр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?