Фота Сяргея Гудзіліна
Дазвол на святкаванне Дня Волі ў цэнтры Мінска сталічныя ўлады не анулююць і ніякіх «чорных спісаў» музыкантаў з ліку ўдзельнікаў канцэрта ля Опернага тэатра не будзе. Бо ўлада сама зацікаўленая ў тым, каб годна адсвяткаваць стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё заявіў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Валерый Варанецкі.
«Я ўпэўнены, што такога не можа быць. Тыя, хто лічыць, што дазвол быў атрыманы, дзякуючы таму, што апазіцыя даціснула ўладу, моцна памыляюцца. Бо ўлада сама зацікаўленая ў тым, каб было стабільнае развіццё, каб умацаваць грамадства, нацыянальную самасвядомасць і гэтак далей. Проста вельмі важна, каб і другі бок разумеў, што ніякія правакацыі не патрэбныя. Сёння трэба думаць пра краіну, дзяржаву, пра будучыню нашу, а не пра рэалізацыю сваіх бягучых амбіцый. Менавіта таму я ўпэўнены, што ўлады маюць самыя сур’ёзныя намеры.
Што гэты дзень для нас, свята ці пратэстная акцыя? Калі мы кажам, што гэта свята, а мы кажам, што гэта свята, то давайце святкаваць!» — сказаў ён.
Па словах Валерыя Варанецкага, улады разумеюць, што сёння вельмі важным элементам бяспекі дзяржавы з’яўляецца кансалідацыя нацыі. А кансалідаваць і аб’ядноўваць нацыю можна толькі на сваёй нацыянальнай гісторыі, сваіх нацыянальных традыцыях. Адным з такіх кансалідуючых беларусаў фактаў з’яўляецца 25 сакавіка 1918 года. Гэта ўлады не толькі ўсвядомілі, але і прынялі як факт. Тым не менш, кажа дэпутат, пакуль казаць пра магчымасць прызнання Дня Волі ў якасці дзяржаўнага свята зарана.





