Прызначаны новы кіраўнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС. Месца Канстанціна Шалькевіча заняў Георгій Еўчар.
Раней Еўчар быў намеснікам Шалькевіча, яшчэ раней — узначальваў аналагічнае ўпраўленне пры УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Георгій Еўчар
Некалі Еўчар трапіў у прамую трансляцыю «Нашай Нівы» з аднаго з апазіцыйных мітынгаў — Еўчар прагульваўся па Кастрычніцкай плошчы і на бездакорнай беларускай мове сказаў, што ў нечым з мітынгуючымі можа пагадзіцца, а ў нечым — паспрачацца.
За што і чаму знялі Шалькевіча пакуль не ясна — былыя падначаленыя пра гэта не распаўсюджваюцца.
За час шматгадовай работы Шалькевіч запомніўся публічнай пікіроўкай з блогерам Матолькам, таксама некалі ён не ўбачыў расійскай сімволікі ў машыне аршанскага АМАПу.
Разам з Шалькевічам, дарэчы, з пасады прэс-сакратара мінскай міліцыі сышоў Аляксандр Ластоўскі.
Як ён сказаў «Нашай Ніве», гэта была не адстаўка.
«Я дагэтуль працую ў міністэрстве. А чаму сышоў? Ну бо колькі можна ўжо. Мае абавязкі пакуль выконвае Наталля Ганусевіч», — сказаў ён.





