«Дэпутат, які дамагаецца. Псіхапат. Карупцыянер» — так называецца расследаванне расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, прысвечанае асобе Леаніда Слуцкага, дэпутата ад партыі Жырыноўскага.
Леанід Слуцкі.
Адразу некалькі журналістак публічна заявілі, што Слуцкі іх дамагаўся. У прыватнасці, карэспандэнт BBC выклала ў інтэрнэт аўдыязапіс, на якім дэпутат называе яе «зайчуткай» і прапануе стаць каханкай.
У адказ спікер Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін параіў журналісткам мяняць працу, калі лічаць работу ў парламенце небяспечнай.
Навальны звярнуў увагу, што Слуцкаму і яго жонцы належаць два «Бэнтлі» і «Майбах». Пры гэтым дэпутатам працуе ў Думе ад 1999 года, адпаведна, не мае права займацца бізнэсам з таго часу і атрымлівае толькі афіцыйны заробак.
Выявілася, што «Майбах», на якім перасоўваецца Слуцкі, ад чэрвеня 2017 года «сабраў» 835 штрафаў — ездзіў па выдзеленай аўтобуснай паласе ў супрацьлеглым накірунку, перавышаў хуткасць больш чым на 80 км/г…
У сярэднім атрымліваецца тры парушэнні на дзень!
Агулам дэпутат сплаціў амаль $25 тысяч штрафаў.
Апроч таго, Навальны знайшоў у скандальнага дэпутата незадэклараваны гектар зямлі на Рублёўцы.
Апазіцыянер заклікае звольніць Слуцкага з Дзяржаўнай думы за парушэнне заканадаўства аб супрацьдзеянні карупцыі. Адпаведную заяву ён адправіў старшыні кантрольнай камісіі Думы.





