«Беларуськалій» возьме на сябе ўсе выдаткі па арганізацыі пахавання, выплаціць кампенсацыю і будзе ў далейшым аказваць падтрымку сем'ям гарнякоў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ заявіў гендырэктар завода Іван Галаваты, піша TUT.BY.

Фота: Дзмітрый Брушко, TUT.BY

У Максіма Іванова засталася жонка і дзве дачкі, у Дзмітрыя Валькова — жонка і сын.

Целы шахцёраў былі знойдзеныя сёння ноччу пры разборы завалаў. Іх шукалі на працягу 30 гадзін. Выратавальная аперацыя спыненая, на месцы здарэння працуюць следчыя.

Шахцёры працавалі на глыбіні 620 метраў. У працэсе зарубкі адбыўся раптоўны выкід солі і газу. Абвалілася каля 600 кубаметраў пароды. Праходчы камбайн і самаходны вагон апынуліся цалкам засыпаныя пародай.

— Смерць наступіла імгненна, у долі секунды, калі адбылося абрушэнне, — растлумачыў Іван Галаваты.

У дзень трагедыі на рудніку працавала каля 150 чалавек, а ў кірунку, дзе адбылася аварыя — 14 чалавек.

На «Беларуськаліі» кажуць, што прычынай здарэння сталі асаблівыя геалагічныя структуры — мульды, у ядрах якіх пад велізарным ціскам знаходзяцца газы, у тым ліку метан. Менавіта трэці калійны гарызонт, дзе загінулі гарнякі, лічыцца найбольш небяспечным.

Звычайна выкідам папярэднічаюць патрэскванне масіва, прагін слаёў або адскок фрагментаў пароды. У такім выпадку неабходна спыніць горныя работы. Але на гэты раз падазроных сігналаў не было.

Салігорскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па факце парушэння правілаў бяспекі горных работ (арт. 303 КК). Следчыя вызначаюць прычыны аварыі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру