Удакладнена: Далёка не 600 тысяч тон, і не замест масла: выпраўляем памылкі пра пальмавы алей

У 2018 годзе Мінскі маргарынавы завод закупіць 600 тысяч тон пальмавага алею. На пальмавы алей і яго аналагі наўзамен маслу пераходзіць таксама кандытарская прамысловасць Беларусі.

У навукоўцаў гэта выклікае вялікую трывогу. Прычына цікавасці харчавікоў да пальмавага алею,паведамляе «Беларускі партызан», у рашэнні ЕАЭС, у адпаведнасці з якім з 1 студзеня 2018 года сталі больш жорсткімі патрабаванні да складу транс-ізамераў тлустых кіслот у прадуктах (іншымі словамі — масла). У прадуктах іх цяпер павінна змяшчацца не больш за 2% ад усяго тлушчу ў прадукце. Адпаведнае патрабаванне, устаноўленае тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза на алейна-тлушчавую прадукцыю.

Рашэнне падавалася як рэвалюцыйнае. Навуковыя даследаванні апошніх гадоў даказалі, што транс-ізамеры тлустых кіслот з'яўляюцца прычынай развіцця многіх захворванняў, самыя небяспечныя з якіх — ішэмічная хвароба, атэрасклероз, цукроўка другога тыпу, атлусценне і г.д.

Ці настолькі вывучаны пальмавы алей, каб замяняць ім звыклае масла? Чаму на Захадзе прадукты нават маюць спецыяльныя пазнакі — «Без пальмавага алею»? Мяркуючы па першых звестках, па ўздзеянні на арганізм чалавека ён падобны да жывёльных тлушчоў. Аднак пальмавы алей значна таннейшы за масла.

Як распавяла газеце «Навука» прадстаўнік «Белдзяржхарчпрама» Інэса Дэмбіцкая, тая ж «Камунарка» доўгі час спрабавала захаваць у рэцэптуры цукерак выкарыстанне натуральных тлушчаў. Але «Камунарка» не вытрымала цэнавую канкурэнцыю з расійскімі і ўкраінскімі вытворцамі. У выніку, па словах, Інэсы Дэмбіцкай, у «Камунаркі» захавалася толькі шэсць відаў цукерак, у якіх выкарыстоўваецца яшчэ савецкая рэцэптура.

Беларускія навукоўцы спасылаюцца на досвед развітых краін, дзе прадукты з пальмавым алеем масава канфіскоўваюцца з продажу. Таму што замест транс-ізамераў мы зараз з прадуктамі будзем атрымліваць канцэрагены, якія ў вялікай канцэнтрацыі з'яўляюцца абсалютнай атрутай і выклікаюць небяспечныя захворванні.

Беларускія навукоўцы цяпер спрабуюць дамагчыся хаця б забароны на выкарыстанне пальмавага алею ў прадуктах для дзіцячага харчавання, а таксама харчавання для дашкольнікаў і школьнікаў. Акрамя таго, яны лічаць неабходным абавязаць вытворцаў паказваць на маркіроўцы, які тып масла ўжываецца — а то мы паглынаем пальмавы алей тонамі, нават ні пра што не падазраючы.

Па выніках апошняга пасяджэння Міжведамаснай рады па харчаванні адпаведныя прапановы накіраваны ў Саўмін. Аднак гэта ўжо не такая простая працэдура — змены трэба ўносіць не ў беларускі закон, а ў тэхрэгламент ЕАЭС.

Варта адзначыць, што Беларусь вырабляе масла з лішкам, нават экспартуе яго. Тады як Расія свае патрэбы ў масле не пакрывае, таму і вымушаная завозіць у тым ліку пальмавы алей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0