Толькі Расія магла стаяць за нападам на былога агента і яго дачку, заявіў у інтэрв'ю The Telegraph расійскі хімік Віл Мірзаянаў, які жыве ў ЗША і лічыцца адным са стваральнікаў атрутнага рэчыва «Навічок».

Ён упэўнены, што толькі Масква магла стаяць за нападам на былога палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію ў брытанскім Солсберы. Формулу гэтага нервова-паралітычнага рэчыва Расія не рассакрэчвае, таму не ўяўляецца магчымым, каб яго выкарыстоўвала якая-небудзь іншая краіна, заявіў ён у інтэрв'ю брытанскаму выданню The Telegraph.

На думку навукоўца, які пакінуў Расію ў 1995 годзе і цяпер жыве ў Нью-Джэрсі, на тэрыторыю Вялікабрытаніі былі завезеныя два бясшкодныя кампаненты, неабходныя для стварэння «Навічка», і ўжо там яны былі злучаныя ў аэразольны спрэй. «Толькі 10 грамаў гэтага рэчыва — гэта ўжо шмат. У летні час усяго двух грамаў было б дастаткова, каб забіць 500 чалавек», — цытуе словы Мірзаянава выданне.

У Скрыпаля і яго дачкі няма шанцаў на выздараўленне

Калі былы агент і яго дачка былі сапраўды атручаныя «Навічком», у іх няма ніякіх шанцаў на выздараўленне, адзначыў далей навуковец. «Гэтыя людзі сышлі — мужчына і яго дачка. Нават калі яны выжывуць, яны не паправяцца», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што «Навічок» па меншай меры «у дзесяць разоў мацнейшы, чым любое вядомае атрутнае рэчыва». Адначасова Мірзаянаў выказаў асцярогі, што дзеянню гэтага рэчыва магло падвергнуцца яшчэ «значна больш людзей».

Як адзначае The Telegraph, Віл Мірзаянаў на працягу 26 гадоў працаваў у Дзяржаўным навукова-даследчым інстытуце арганічнай хіміі і тэхналогіі, які з'яўляўся ў СССР галоўным ваенным цэнтрам па вытворчасці хімічнай зброі. У ім ён узначальваў аддзяленне контрвыведкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0