Лявон Вольскі не выступіць на святочным канцэрце «Свята незалежнасці» каля Опернага тэатра ў Мінску 25 сакавіка, бо ў гэты дзень будзе браць удзел у канцэрце ў Беластоку.

Пра гэта ён напісаў у сваім фэйсбуку

«25 сакавіка я заспяваю на святочным канцэрце ў Менску. Але ў рэжыме тэлемоста, — адзначае ён. — Яшчэ летам 2017 года я прыняў прапанову выступіць у гэты дзень на канцэрце да 100-годдзя БНР у Беластоку, які ладзяць мясцовыя беларусы. У памяці яшчэ былі свежыя малюнкі з 25 сакавіка 2017, калі я сам ледзь не патрапіў у пастарунак. І цяжка было ўявіць, што праз год улады дазволяць урачыстае свята ў Мінску ў такі дзень».

«Свята ў Менску каля Опернага — гэта выдатная навіна. І я вельмі хацеў там выступіць асабіста. Цягам апошніх двух тыдняў мы спрабавалі дамовіцца з арганізатарамі канцэрту ў Беластоку спачатку пра перанос на іншы дзень. Потым пра перанос хаця б на некалькі гадзін, але яны маюць свае абавязкі і кажуць, што гэта немагчыма.

— Я маю быць на сцэне а 17-й па Варшаве (18-я ў Беларусі). Выступіць у Менску а 14-й, даехаць і перасекчы мяжу я проста не паспею. Разам з арганізатарамі свята каля Опернага мы абмяркоўвалі нават варыянт з гелікоптэрам, але міжнароднага аэрапорта ў Беластоку няма, а з Варшавы ці Гародні даехаць зноў не паспяваю. Таму я заспяваю ў Менску ў варыянце тэлемоста. Адбудзецца прэзентацыя маёй песні, прысвечанай 100-годдзю абвяшчэння БНР»

Чытайце таксама: Беластоцкі беларус Алег Латышонак пра забарону на выступ Вольскага ў Мінску: «Мы — еўрапейцы, таму не мяняем свае планы»

Андрэй Дынько: У сітуацыі з выступам Вольскага ў Беластоку ўражвае парафіяльнасць мыслення беластаччан

Нагадаем, што гарадскія ўлады дазволілі мітынг і святочны канцэрт каля Опернага тэатра ў Мінску 25 сакавіка. Пачацца мерапрыемства павінна а 13-й гадзіне, канцэрт а 14-й. Дазволена выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў.

Дадамо, што 13 сакавіка ў Купалаўскім парку адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага каменя ў гонар пачынальнікаў нацыянальнага адраджэння братоў Луцкевічаў, у сераду ў Гістарычным музеі адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай БНР, а сёння ў Інстытуце гісторыі пачынаецца навуковая канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0