Міхал Анемпадыстаў. Фота Юрыя Тарэева.

Міхал Анемпадыстаў. Фота Юрыя Тарэева.

Выпіць святочную каву і запаліць папяроску ў «Шакаладніцы» на Чырвонай? Колькі з нас падумае пра гэта і зробіць гэта? Паліць я кінула, а каву Britt, якую я люблю найбольш, можна купіць толькі ў Коста-Рыцы. Таму шакаладны тост будзе самым дарэчным у гэтым месцы і на гэты час.

Замест колішніх Міхалавых рытуалаў паставім электра амбіент, музу, якую ён адкрываў апошнім часам (Ведаеш, я ўжо не слухаю року. Гэта мне больш падабаецца.) І паедзем, а хутчэй, паляцім на Міхалаў дзень нараджэння. Пяцьдзесят чацвёрты.

М як Мірон

Сакавік. Позні вечар. Недзе сярод шматпавярховікаў. Далей толькі Малінаўка з чарнобыльскімі перасяленцамі. Кухня. Скручаная коўдра, уціснутая пад дзвярыма, каб дым не расплываўся па кватэры. Лена разгневаецца, Стэфанія яшчэ малая… Нядобра, што мы тады палілі.

Ён расказваў тады нешта такое:

«Ёсць такі хлопец, тут, у Беларусі, які робіць, ведаеш, такую файную справу. Вешае наш сцяг, бел-чырвона-белы, Пагоню ў такіх дзіўных месцах, заўжды вельмі высока. На нашыя нацыянальныя святы або дзеля пратэсту. На дахах, на антэнах, куды нармальны чалавек не ўзлезе. Робіць ён гэта ўначы.

Раніцай сцяг ужо вісіць. А ўладам цяжка зняць сцяг з такой вышыні і з такіх недаступных месцаў. Ён, мабыць, альпініст. У яго ж, напэўна, не можа быць страху вышыні. І ніхто не ведае, хто ён такі. Невядома, як ён выглядае. Такі ананімны хлопец. Хіба цікавы і сціплы. Людзі расказваюць пра яго, нібыта добра яго ведаюць. Кажуць, ён быў у Віцебску, у Полацку, Магілёве, часта на ўсходзе Беларусі…Ведаеш, ён і ў Мінску гэта зрабіў. І заўсёды яму ўдавалася ўцячы ад міліцыі. Апрача аднаго разу.

Раз яго злавілі (напэўна, гэта было ў Мінску, бо тут усё працуе як гадзіннік), запакавалі ў аўтазак і павезлі ў пастарунак. Хацелі запісаць паказанні, але хлопец аказаўся глуханямы.

Ніхто не мог з ім паразумецца. Ніхто не ведаў мовы жэстаў… Я сам не быў, але кажуць, што менавіта так і было, за перапрашэннем», — смяяўся Міхал, падсоўваючы акуляры на носе ўказальным пальцам.

Потым былі іншыя аповеды: пра падзенне рэжыму. З цыклу «фальшывы аўтастоп» (не блытаць з Кундэрам). Аб выпадковых падвозах людзей на беларускіх бездарожжах. Гэта паводле легенды маглі быць мужык ці баба, заўжды з дзікім позіркам, у лахманах, з пахам зёлак і лесу, такі асобнік спыняў шыкоўнае аўто, напрыклад, з Мінска. І па-беларуску праклінаў навакольны свет, варажыў пра хуткі цуд і змену ўлады за два гады. Павінны прыйсці новыя. А іхныя пошапты разыходзіліся - ці хутчэй раз’язджаліся - па ўсёй Беларусі, трапляючы, натуральна, у Мінск і іншыя месцы, у тым ліку на кухні ў шматпавярховіках без грубак.

Будучыня ацяплялася казаннем, а супольнае уяўленне замяняла рацыянальнае.

Здаралася, што некаторыя людзі сустракалі на розных канцах краю адную і тую ж асобу і чулі падобныя аповеды пра тое, што мае стацца. Ці ўсе тыя гісторыі аб Міроне і аповеды пра сустрэчы з таямнічымі бадзягамі давалі беларускаму паэту і інтэлектуалу надзею?

Жарты на дзень народзінаў распальвалі нашую мару аб свабодзе. Нам не замінала, што гэта мела стацца без нашага ўдзелу. Няхай будзе так. Стомленасць ад чарговай зімы і засалодкі народзінны торцік маглі выклікаць галюцынацыі.

 

М як Мора

Іншы сакавік, 2010. На ягоныя чарговыя народзіны выступіла мора. З расколін у лёдзе вырывалася вада і разлівалася ў ручаі, азёры, рэкі. Жыццё прабівалася спадыдна. Мы расказвалі адно аднаму гісторыі тапельцаў, якія выпадкова трапілі ў палонкі. Ён расказваў гісторыю рыбнага кірмаша ў Мінску, у горадзе, дзе няма выхаду да мора, але свежая рыба была заўжды. Зімы год ад году рабіліся ўсё лягчэйшымі. Аднак менавіта гэтая была паскудная і добра, што яна сыходзіла. Палітычныя падзеі і арышты мы параўноўвалі з часамі Сяргея Пясэцкага, таксама часамі страху і тэрору. Добра было б, каб іншыя таксама маглі яго прачытаць.

У тыя часы любімая Міхалава канцэпцыя падземнага мора пад Беларуссю здавалася асабліва актуальнай. Прынамсі ён пра гэта казаў. На сяброўскіх бяседах ён нават пачаў часцей спяваць свае марскія песні.

А як разыходзіўся, то і гітара за ім не паспявала. Я звычайна слухала тыя выкананні, калі яму акампаніяваў Лявон. І мы ведалі, што нават калі б яму пачаў падыгрываць Эдж з U2, то і так не трапляў бы ў ноты. І толькі адзін Лявон мог цярпліва чакаць дацягвання да канца кожнага радка песенькі «Ультыматуле», калі Міхал паліў сваю файку. Адкуль узяліся гэтыя марскія шанты і падземнае беларускае мора?

Ён вельмі любіў адведваць сяброў у Латвіі і Эстоніі. Там, у марской кампаніі, ён меў сапраўдныя мужчынскія прыгоды — быў мараком, які на палубе праходзіць балтыйскія азёры на Поўначы.

Адтуль ён прывозіў аповесці пра сяброў, ідэі шантаў. Вяртаўся ён лёгкім і ўсмешлівым (можа і таму, што гэта былі ягоныя адзіныя вакацыі, прынамсі, іншых я не памятаю). Працаголік ён ці маньяк шантаў?

Яго канцэпцыя падземнага беларускага мора не магла ўзяцца са славянскай міфалогіі, бо славяне былі далёкія ад антрапамарфізацыі і дэіфікацыі вады-маці, якую шанавалі уграфіны. Так што, напэўна, ён узяў гэта ад Скандынавіі, сваёй другой айчыны. Ён любіў яе колеры і дызайн, яе упарадкаванне і дзікую прыроду, і гэтае паўночнае мора.

Скандынавія і Беларусь неяк гарманічна ўзаемадапаўняліся ў ім. Беларускія азёры, разлівы, рэкі, водныя шляхі паміж Балтыяй і Чорным морам, Пінская флатылія, якая сплывала ўздоўж дрыгвы і багны, баржы, якія везлі да рачных партоў драўніну і збожжа, суіснавалі ў ягоным уяўленні з духамі Поўначы.

Беларусь і сваю Скандынавію ён, зрэшты, спалучыў у «Колерах Беларусі», але для мяне ўсё яшчэ застаецца таямніцай ягонае падземнае мора. Калі я перакладала вершы з томіка «Атэкстацыя I» (1999), то са здзіўленнем усвядоміла, што Міхал усё жыццё пісаў гэты «Марскі праект». Гэтае мора было ў многіх ягоных вершах — песнях для Касі і «Новага неба», у «Народным Альбоме», у песнях-самотніцах, якія не ўвайшлі ў ніводзін праект, а сталіся пратэстнымі зонгамі або камернымі прызнаннямі бардаў… У шмат якіх з іх з’яўляюцца марскія матывы. У тэкстах N.R.M. яны таксама з’яўляюцца. Ён натхняў многіх.

А можа, гэтае мора было Міхалавым імкненнем атрымаць выхад да свабоды, прагай прасторы, дасягнення лепшага берагу, упартым веславаннем да мэты. А можа, там ёсць схаваны рэцэпт, як выбрацца з Беларусі — як з нейкай душнай, клаўстрафабічнай сажалкі? 

 

М як Міхал

Яшчэ ранейшы дзень народзінаў. Смс-ка з Беларусі: «Мне ё.нула саракагодка. Выпіце там за маё здароўе. М.»

Потым кожныя народзіны мы лічылі час да яго 70-годдзя, якое мы збіраліся адсвяткаваць у адным з шыкоўных гатэляў у Варміі і Мазурах. Пяць зорак, у скандынаўскім стылі. Такая ў яго была ідэя, калі я яму расказала пра гэтае месца.

Гэта мела быць імпрэза з Міронам, і ў марскім стылі. Са Шчэціна мы б прыцягнулі аркестр марскіх ваўкоў і з Беларусі сяброў, каб спяваць шанты, хаця яны найлепей гучаць на поўным моры, калі сонца сыходзіць за далягляд і ты ведаеш, што на наступны дзень яно зноў устане.

* * *

Іаланта (Ёля) Кільян — куратарка польска-беларускіх культурніцкіх праектаў, перакладчыца. Жыве ў Познані.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?