Прапанова пра падаражэнне шэнгенскай візы да 80 еўра яшчэ будзе абмяркоўвацца ў Еўрапейскім парламенце і Радзе ЕС і не зачэпіць Беларусі, калі наша краіна дамовіцца аб зніжэнні візавага збору да 35 еўра, паведамляе БелТА са спасылкай на прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Напярэдадні Еўракамісія абвясціла аб распрацоўцы паправак у візавыя правілы ЕС і прапанавала павялічыць памер консульскага збору за шэнгенскія візы — з 60 да 80.

Прапанаваныя змены яшчэ будуць абмяркоўвацца ў Еўрапейскім парламенце і Радзе ЕС. Перад тым як новыя правілы стануць законам, з імі павінны пагадзіцца абодва інстытуты.

Пры гэтым у прадстаўніцтве адзначылі, што павелічэнне візавага збору не закране тыя краіны, грамадзяне якіх плацяць больш нізкі збор — 35 еўра. Гэтыя краіны (Расія, Арменія, Азербайджан) падпісалі з ЕС пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Беларусь ужо некалькі гадоў вядзе кансультацыі і перамовы з ЕС аб спрашчэнні візавых фармальнасцей. Яшчэ ў мінулым годзе паведамлялася аб тым, што перамовы знаходзяцца на завяршальным этапе.

Каб кошт на візы быў зніжаны, Мінск і Брусель павінны заключыць два пагадненні — аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. Ні адзін з дакументаў пакуль не падпісаны, і дакладных тэрмінаў не агучана.

Чакаецца, што наступны раўнд перамоў адбудзецца ў Мінску ў бліжэйшыя месяцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0