У Нацыянальным аэрапорце Мінск адкрылася выстава дзіцячых малюнкаў з канцэптамі «палёту ў будучыню». Найлепшыя працы будуць удзельнічаць у міжнародным конкурсе «FAI Young Artists Contest — 2018», а пераможцы змогуць здзейсніць палёт на верталёце, самалёце або нават скокнуць з парашутам, распавялі ў Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту, якая выступіла арганізатарам нацыянальнага адбору.

У Беларусі на конкурс было пададзена больш за 1400 прац з усіх куткоў краіны. У фінал выйшлі 45 юных футурыстаў, сярод якіх 24 сакавіка выберуць пераможцаў нацыянальнага адбору. Да гэтага моманту малюнкі можна ўбачыць на свае вочы ў зоне вылетаў на трэцім паверсе аэрапорта.

Конкурс праводзіцца Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыяй (FAI) ужо больш за 30 гадоў. Малюнкі могуць падаваць мастакі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. Дзякуючы ініцыятыве Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту (БФАС) змагацца ў сусветным конкурсе ўжо другі год могуць і юныя таленты з Беларусі.

Фінал нацыянальнага адбору і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў пройдзе 24 сакавіка ў новым будынку Мінскага аэраклуба ДТСААФ на аэрадроме Ліпкі. Найлепшыя працы вызначыць журы на чале з беларускім касманаўтам Алегам Навіцкім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0