Захапляльная гісторыя Эміліі Плятэр, якая пражыла свае 25 гадоў больш свабоднай, чым яе сучасніцы 30

Аўтар: Сяргей Мікулевіч, ілюстрацыі Волі Афіцэравай

Разам з Samsung Galaxy S9|S9+ мы пачынаем новы праект — «Беларускія гераіні». Гэта жанчыны, якія ўвайшлі ў беларускую гісторыю: бунтаркі, мастачкі, паэткі. Сведкі даўно мінулых дзён і нашы сучасніцы. Мы раскажам пра іх лёс, згадаем іх перамогі, выклікі, якія паўставалі на іх жыццёвым шляху. Адкрывайма з намі гэтыя імёны!

Як яе толькі не называлі! Амазонка, валькірыя, ваярка… Яна паспела зрабіцца сімвалам патрыятызму, фемінізму, трапіць у падручнікі і на банкноты. Цяжка пабачыць за гэтай лакіроўкай жывога чалавека — Эмілію, якая пражыла свае 25 гадоў больш свабоднай, чым яе сучасніцы.

Яна была немка паводле крыві. Яе продкі-рыцары перасяліліся з Вестфаліі ў XV стагоддзі на землі Лівонскага ордэна. З часам ордэн, які меў сталіцу ў Рызе, зрабіўся свецкай дзяржавай, а пасля аслабеў і аб’яднаўся з Рэччу Паспалітай. За стагоддзі немцы асіміляваліся і мала розніліся ад беларуска-літоўскай шляхты, захаваўшы хіба аддалены сантымент да гісторыі свайго роду. Напрыклад, у часе паўстання нашу гераіню сімвалічна пасвяцілі ў рыцары па старадаўніх звычаях… Ад немцаў-рыцараў, дарэчы, паходзілі і Рэйтаны — яшчэ адзін слаўны ў беларускай гісторыі род.

У ХІХ стагоддзі Плятэры былі багатай і разгалінаванай сям’ёй з маёмасцю па ўсім колішнім ВКЛ. Цікава, што і замуж нашчадкі рыцараў часта бралі мясцовых немак. Так зрабіў і бацька Эміліі, Францішак Ксаверы Плятэр, ажаніўшыся з Ганнай фон дэр Моль.

Мама з татам не зжыліся

Эмілія нарадзілася 13 лістапада 1806 года ў Вільні. Палац Плятэраў быў на Замкавай вуліцы (цяпер Пілес), на спуску да Катэдры і гары Гедыміна. Тут прайшлі яе першыя дзевяць гадоў. Хацелася б напісаць «бясхмарных», але сямейнае жыццё таты і мамы не заладзілася: Францішак Ксаверы быў той яшчэ гуляка.

Пры гэтым ён быў патрыёт і не баязлівага дзясятка.

Чаго варты такі выпадак: з Вільні, адступаючы перад Напалеонам у 1812-м, выходзяць расійскія войскі. Граф Плятэр (не выключана, што падгуляўшы) стаіць на балконе, апладзіруе і крычыць услед натоўпу ўзброеных і яўна не ў духу людзей: «Шчаслівай дарогі!» І хаваецца толькі тады, калі гусарскі маёр Гельд, знаёмы Плятэра, загадаў страляць у яго…

Да 1815-га жыццё з Францішкам стала для строгай і адукаванай Ганны невыносным. Стомленая ад загулаў, яна ўрэшце сказала «Досыць!» і з’ехала з Вільні ў маёнтак Ліксна пад Дзвінскам.

Тут Эмілія і расла. Яе таварышамі па гульнях былі стрыечныя браты. Прырода, адносная свабода, хлапчукоўская кампанія — і вось вынік: з большым задавальненнем, чым вышываць, Эмілія ездзіла верхам і страляла. Але ў дзікую амазонку не ператварылася, гэтага не дапусцілі б немцы-гувернёры фрау Вольф і гер Дальвіг. Эмілія вольна гаварыла па-французску і па-нямецку, грала на фартэпіяна. А яшчэ — чытала запоем, у дзядзькі ў Ліксне была выдатная бібліятэка.

Яе ідэаламі робяцца Жанна д’Арк і Бабуліна — гераіня змагання за незалежнасць Грэцыі, што на свае грошы абсталявала тры караблі і сама імі камандавала. Трэцім у гэтым юнацкім пантэоне быў Тадэвуш Касцюшка.

Кузены-філаматы

Калі б дзяўчат бралі ў той час ва ўніверсітэт, яна б апынулася ў віры філамацкага руху. Гэтае таемнае таварыства ўтварылі ў Вільні пяць студэнтаў, і за кароткі час яно ахапіла ўсё ВКЛ. Філаматы ні з кім не хацелі ваяваць: яны хацелі сябраваць, вучыць, лячыць… Іх мэтамі былі асвета і помач таму самаму народу, з працы якога яны жывуць.

Былі філаматамі і кузены Эміліі, якія вучыліся ў Віленскім універсітэце. Разгром іх руху і адбыўся пасля таго, як адзін з іх, Міхаіл Плятэр, напісаў на класнай дошцы «Няхай жыве канстытуцыя 3 мая!» У Расійскай імперыі ўхвала польскай канстытуцыі, прынятай перад паўстаннем Касцюшкі, лічылася антыдзяржаўным выступленнем. Міхала, як і многіх іншых, гвалтам забралі ў салдаты.

Каверы на фано і народная готыка

Разграмілі філаматаў якраз у год, калі Эміліі споўнілася 18. Ці яна вырашае паціху працягваць іх справу, ці проста захацела пабачыць свет? Яна выпраўляецца вандраваць па ўсім краі. Гасцюе ў шматлікіх сваякоў, бывае ў вёсках — беларускіх, літоўскіх, латышскіх. Яе цікавяць народныя песні. Сяляне ад душы спявалі іх маладой паненцы — яна ж плаціла за гэта! Тут прыдалася і музычная школа фрау Вольф: Эмілія па-майстэрску рабіла каверы народных песень, умеючы перадаць на фартэпіяна тэмбр і характар гучання розных народных інструментаў.

І, што зусім незвычайна, яна навучылася галасіць. Раней гэта быў абавязковы звычай на пахаванні: тэксты песень-галашэнняў былі розныя, у залежнасці ад таго, памёр малады ці стары чалавек, якога сацыяльнага статусу. Эмілія асвоіла гэта вусцішнае майстэрства не горш за прафесійных народных плакальшчыц.

Пра ўсё гэта мы ведаем з успамінаў яе малодшага сучасніка, Максіміліяна Маркса. Яму было 15, калі Эміліі не стала, і лёс яго таксама досыць тыповы для таго месца і часу: спачатку ўдзельнік паўстання Каліноўскага, пасля — стваральнік першай метэастанцыі на Енісеі.

Як да Эміліі сватаўся генерал

Да канца 1820-х адносіцца і адзіная вядомая нам гісторыя пра сардэчныя справы Эміліі. Ёй зрабіў прапанову расійскі генерал Міхаіл Каблукоў. Сур’ёзны і забяспечаны чалавек, ён быў камендантам Дынабургскай крэпасці, ведаў сям’ю Эміліі. Але атрымаў гарбуза.

Ёсць дзве версіі, чаму. Першая — патрыятычная. Эмілія, сэрца якой балела за знішчаную Рэч Паспалітую, проста не магла выйсці замуж за прадстаўніка акупацыйнай адміністрацыі. Другая версія — больш банальная: яе сэрца ўжо было занятае. Ёсць непацверджаныя звесткі пра закаханасць у маладога капітана інжынерных войскаў — ці то Дальвінга, ці то Даля-Івінга… Але да шлюбу справа не дайшла.

Паўстанне ў адказ на мабілізацыю

Тым часам насоўваліся грозныя палітычныя перамены. Калі пасля перамогі над Напалеонам падчас Венскага кангрэсу было ўтворана Царства Польскае ў складзе Расійскай імперыі, яму была дадзеная досыць вольная канстытуцыя. Аднак чым далей, тым часцей расійскія імператары (і па сумяшчальніцтве польскія каралі) парушалі яе.

Апошняй кропляй стала мабілізацыя, якую Мікалай І абвясціў на землях былой Рэчы Паспалітай, каб паслаць войска на здушэнне рэвалюцый у Францыі і Бельгіі. Ісці паміраць за чужыя палітычныя інтарэсы ніхто не хацеў. І 29 лістапада паўстанне выбухнула ў самой Варшаве, а ўжо ў снежні ахапіла Польшчу і перакінулася на землі Вялікага Княства.

Гэта не было адчайнае выступленне неарганізаваных і ненавучаных аматараў. Жылі яшчэ паплечнікі Касцюшкі, удзельнікі напалеонаўскіх паходаў, з іх фармаваліся палкі, якія маглі супрацьстаяць рэгулярнаму войску.

«Усё жыццё рыхтавалася»

25 сакавіка 1831-га да паўстання далучылася і Эмілія. Дакладная дата вядомая, бо захавалася яе заява-дэкларацыя. Эмілія піша, што ўсё жыццё рыхтавалася да гэтага змагання.

Адгаворваць яе не было каму. Маці не стала годам раней, а бацька, які даўно меў іншую сям’ю, нават адмаўляўся з ёй размаўляць.

Ужо праз некалькі дзён мы бачым Эмілію на чале атраду з 280 пехацінцаў, 60 коннікаў і некалькіх соцень сялян-касінераў. Яна каротка пастрыглася, побач — каляжанка-ад’ютант Марыя Прушынская. Абедзве дзяўчыны ў вайсковай форме, узброеныя. Атрад выходзіць з маёнтка Дусяты і ідзе на Дынабург, каб завалодаць крэпасцю з запасамі зброі. Па дарозе, каля паштовай станцыі Даўгелі, яны разбіваюць невялікі расійскі аддзел.

Ці была Эмілія рэальным камандзірам, які аддае загады, вызначае план дзеянняў? Ці яна была проста сімвалам, які натхняе на барацьбу? Біёграфы згадваюць, што часам Эмілія губляла прытомнасць, адцягваючы параненых, часам свядома не ўдзельнічала ў баях (камандзір сабе такога дазволіць не мог бы). Поруч з ёй заўжды быў кузэн Цэзары Плятэр, які тэрмінова вярнуўся дамоў з берлінскай вучобы, пачуўшы пра паўстанне. Відаць, ён і камандаваў у рэальнасці. Але ўжо для таго, каб ісці з атрадам, а не сядзець у маёнтку і чакаць брата з вайсковых вылазак, трэба была вялікая смеласць. Гэта быў выклік грамадству.

«Куды яна лезе?»

Некаторыя сучаснікі раздражнёна пісалі пра яе. Маўляў, паненкі на полі бою былі толькі дадатковым цяжарам: іх трэба было ахоўваць, ратаваць. І ў лагеры ад іх адна распуста. «А як апранутыя, зірніце», — крывіўся Ігнацый Клюкоўскі, аўтар успамінаў пра паўстанне, які бачыў Эмілію на свае вочы. Хоць не выключана, што абурэнне выклікаў сам факт з’яўлення жанчыны ў мужчынскай кампаніі і ў мужчынскай ролі.

Славуты Ігнат Дамейка, які таксама сустракаўся з Эміліяй на паўстанцкіх дарогах, быў больш прыязны. Ён пакінуў і адзінае апісанне яе: «Непрыгожая, бледная, але з круглым прыемным, сімпатычным тварам і блакітнымі вачыма, стройная, але не моцнага целаскладу; была сур’ёзная, выпрастаная, негаманлівая і мела строгі погляд, які адпавядаў яе меркаванням і прыстойнасці».

Мала падабенства з ідэалізаванымі партрэтамі, якія пасля стваралі мастакі.

Жанчыны бралі ўдзел у паўстанні як сувязныя і разведчыцы, яны трымалі ў сваіх маёнтках зброю (і нават выраблялі яе), кармілі і перахоўвалі паўстанцаў, лячылі хворых. Але каб ваяваць у мужчынскай вопратцы? За такое ўжо не палілі на вогнішчы, як у часы Жанны д’Арк, але нават паўстанцкі генерал Дэзідэрый Хлапоўскі, які неўзабаве прыйшоў у Літву з вялікім корпусам, раіў Эміліі пакінуць войска і вярнуцца дамоў. Пачуўшы адмову — што рабіць! — даў ёй званне капітана і прызначыў ганаровым камандзірам роты.

Яе паўстанне

Вырашальным у лёсе паўстання стала бітва за Вільню ў чэрвені 1831-га. (Дарэчы, у ёй удзельнічала 11 жанчын.) Адолець рэгулярнае войска не ўдалося, і да канца жніўня паўстанне было задушанае. Маленькія разбітыя аддзелы прабіваліся за мяжу, у Варшаву. Ехала, разам з братам Цэзарам і сяброўкай Марыяй, і Эмілія.

Гэты год з яго бяссонніцай, голадам, стомай выматаў яе. За Аўгустовам у Эміліі пачалася гарачка, дзяўчына не магла далей ехаць верхам, і Цэзары вымушана пакінуў яе ў сялянскай хаце. Пасля Эмілію і Марыю прытуліў і атачыў клопатам гаспадар маёнтка Юстынова Ігнацы Абламовіч. Але сілы былі падарваныя незваротна, і 23 снежня Эміліі не стала. Захавалася яе магіла (цяпер гэта тэрыторыя Літвы), стаіць і сціплы помнік.

А пасля, як гэта часта бывае, пачалася слава і ідэалізацыя. Пра скон Эміліі напісалі газеты, натхнёны расповедам пра яе, Адам Міцкевіч склаў верш «Смерць палкоўніка», падключыліся мастакі, стварыўшы яе ідэальныя партрэты. Тыя партрэты пасля трапілі на грашовыя знакі. Яе імем называлі вайсковыя фармаванні і вуліцы… Ці была б сама Эмілія, строгая і негаваркая дзяўчына, радая такому? Калі яе прыклад дагэтуль здзіўляе, значыць, пачатае ёю паўстанне за свабоду ад стэрэатыпаў усё яшчэ ідзе.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?