Фрагмент афішы
17 сакавіка ў Мінскім абласным драмтэатры, які працуе ў Маладзечне, адбыўся прэм’ерны паказ спектакля «Час сэканд-хэнд» па аднайменнай кнізе Святланы Алексіевіч. У афішы жанр спектакля вызначаны як «дакументальная драма».
Пастаноўку і сцэнічную рэдактуру ажыццявіў заслужаны дзеяч мастацтваў Валерый Анісенка. У спектаклі, які складаецца з пранізлівых маналогаў пра савецкае мінулае, задзейнічаная амаль уся трупа драмтэатра.
«Твор пісьменніцы напоўнены галасамі шматлікіх сведак, у кожнага з якіх была свая адмысловая гісторыя, выпакутаваны вопыт жыцця. Кніга і спектакль па ёй дапамагаюць разабрацца, асабліва моладзі, у дэталях таго часу. Гэта пра тое, як пасля развалу вялікай краіны людзі выжывалі ў новых умовах, як ламаліся лёсы, а часам і жыцці былых савецкіх грамадзян», — так спектакль анансаваўся на сайце тэатра.
«Час сэканд-хэнд» ішоў на рускай мове. Святлана Алексіевіч на прэм’еры не прысутнічала.
Пастаноўка прайшла пры поўным аншлагу, гледачы былі вельмі ўражаныя.
Фота Наталлі Тур