Выйшаў у свет дваццаць першы нумар часопіса «Культура. Нацыя» (сакавік 2018, №21), прысьвечаны 100-годдзю абвяшчэньня незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Рэдакцыя часопіса віншуе сваіх чытачоў з гэтай вызначальнай датай у жыцьці беларускага народа, ад якой пачалася навейшая гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Зычым Вам і Вашым сем'ям шчасьця, здароў'я, дабрабыту, цудоўнага настрою і добрых надзей на лепшаю будучыню для нашай Радзімы!

Асноўныя матэрыялы гэтага нумара прысьвечаны святкаваньню стагодняга юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) беларусамі Аттавы. У той жа час, часопіс зьмяшчае цікавы артыкул вядомага краязнаўцы на Пастаўшчыне і Віцебшчыне, сп. Ігара Пракаповіча, прысьвечаны даследаваньню паходжаньня назвы беларускага мястэчка Сьвір. Не абышоўся і гэты нумар без цікавінак, пададзеных сп. Сяргеем Панізьнікам. На гэты раз наш славуты паэт падрыхтаваў каляндар беларускіх дат на 2018 год — гэты каляндар незвычайны тым, што падзеі адлюстраваныя ў ім, суправаджаюцца вершамі паэта Сяргея Панізьніка. У канцы часопіса зьмешчаны спіс кніг, якія былі прадстаўлены на выставе прысвечанай 100-годдзю БНР ў Атаве.

Святкаванне стагодняга юбілею абвяшчэння незалежнасці БНР адбылося ў Атаве 11 сакавіка 2018 года ў Цэнтральным будынку Канадыйскага парламента. Вынікам значнай падрыхтоўчай працы, якую правялі арганізатары — Атаўскі аддзел Згуртавання Беларусаў Канады і Беларускага інстытута навукі і мастацтваў у Канадзе — сталася вялікая колькасць удзельнікаў свята — звыш 160 чалавек. У вялізарным зале, дзе звычайна праходзяць урадавыя паседжанні, прагучалі гімны Канады і БНР, малітва «За Беларусь», прачытаная архіепіскапам Святаславам (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква), даклад Старшыні Рады БНР, сп. Івонка Сурвілла, выступленне сп. Г. Туміловіч пра ролю праф. М.В. Доўнар-Запольскага, які з'яўляецца аўтарам асноў тагачаснай беларускай гістарычнай ідэалогіі, на якую абапіраліся лідэры БНР.

Вельмі цёплыя і адпаведныя святу словы былі сказаны дэпутатам Канадыйскага парламента, сп. Чандра Арыя, дэпутат гарадскога савета, сп. Майкл Какіч, якi выступаў па даручэнню мэра Атавы, сп. Джыма Ватсана. З прамовамі выступілі прафесар З. Гімпелевіч і А. Лявончанка, старшыня ЗБК. Яшчэ адной вельмі прыемнай і адметнай рысай свята была прысутнасць лідэраў і прадстаўнікоў іншых дыяспар. З вітальнымі словамі выступілі Андрыс Кестэрыс (Латвія), Лорэта Гудінайтэ-Савіч (Літва), Станіслаў Забароўскі (Польшча), Аляксандр Яблонскі (Польшча). Свае лісты даслалі сенатар Канады Рэйнал Андрэйчак і лідэр украінскай суполкі ў Атаве, сп. Барыс Генгало. Прыемным сюрпрызам для ўсіх быў тост за Беларусь — нашы прыгожыя жанчыны разнеслі па зале бакалы, напоўненыя белым і чырвоным шампанскім, выстаўленым на падносе ў бел-чырвона-белым арнаменце.

На «ўра» прайшоў канцэрт, у якім удзельнічалі як нашы артысты з Атавы, так і госці з Таронта. Больш падрабязны рэпартаж аб святкаванні ў Атаве вы можаце знайсці ў 21-м нумары часопіса «Культура. Нацыя» (www.sakavik.net), а таксама на вэб-сайтах — www.binim.org i www.belaruscanada.org

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру