Колькасць расейцаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні на выбарах прэзідэнта Расіі на тэрыторыі Беларусі у параўнанні з папярэднімі выбарамі 2012 году прыкметна павялічылася. Сёлета да скрыняў прыйшлі болей за 22 тысячы, паведамілі Радыё Свабода ў амбасадзе Расійскай Федэрацыі. Шэсць гадоў таму прагаласавала 13,5 тысячы чалавек.

18 сакавіка ў Беларусі прагаласавала болей за 19 тысяч грамадзян Расіі. Яшчэ 3 тысячы прагаласавалі датэрмінова. Найбольш актыўна галасавалі ў Менску — звыш 7 тысяч чалавек. Больш як па дзве тысячы выбарнікаў прагаласавалі ў трох гарадах — Брэсце, Віцебску і Гомелі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, найбольшая колькасць расіянаў, якія галасавалі за мяжой, сёлета прыпадае на Беларусь. 6 гадоў таму лідарам была Украіна.

Афіцыйная статыстыка і ў 2012 годзе, і сёлета называе аднолькавую колькасць зарэгістраваных грамадзян Расіі ў Беларусі — «болей за 100 тысяч чалавек». Канкрэтную лічбу тут вызначыць цяжка, бо станавіцца на консульскі ўлік расейцам у Беларусі не абавязкова.

Колькі галасоў набраў у Беларусі кожны з кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, не паведамляецца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру