20 сакавіка а 2-й гадзіне ўначы ў Беларусь з Паўднёвай Карэі вярнуліся паралімпійцы. Зімовыя Паралімпійскія гульні ў Пхёнчхане сталі самымі паспяховымі ў нашай гісторыі. Беларускія спартоўцы выступілі ў двух відах спорту — біятлоне і лыжных гонках. У скарбонцы нашай зборнай 12 узнагарод: па чатыры залатыя, срэбраныя і бронзавыя медалi.

Святлана Саханенка стала трохразовай паралімпійскай чэмпіёнкай у лыжных гонках, а таксама заваявала бронзу ў біятлоне. Заваёўваць узнагароды Святлане дапамагаў вядучы Раман Яшчанка.

Святлана Саханенка

Святлана Саханенка

21-гадовы Юрый Голуб заваяваў золата ў біятлоннай гонцы, а таксама 2 срэбраныя медалi (у біятлонным спрынце і ў лыжнай гонцы) і 1 бронзавы (лыжная гонка класічным стылем). На трасе Юрыю дапамагаў вядучы Дзмітрый Будзіловіч.

Юрый Голуб

Юрый Голуб

Дзмітрый Лобан заваяваў два срэбраныя медалі ў спаборніцтвах для людей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата (біятлонны і лыжны спрынт), а Лідзія Графеева ўзяла дзве бронзы (у біятлонным спрынце і ў біятлоннай гонцы)

Лідзія Графеева і Дзмітрый Лобан.

Лідзія Графеева і Дзмітрый Лобан.

У мінскім аэрапорце, нягледзчы на позні час, паралімпійцаў сустракалі спартыўныя чыноўнікі, родныя, сябры і, як заўсёды, натоўп журналістаў. 

Дзмітрый Будзіловіч, Юрый Голуб, Святлана Саханенка, Раман Яшчанка (злева направа).

Дзмітрый Будзіловіч, Юрый Голуб, Святлана Саханенка, Раман Яшчанка (злева направа).

Усе спартоўцы прызнаюцца, што больш за ўсё мараць пра сон, але даваць інтэрв'ю не адмаўляюцца. Юрый Голуб распавядае, што сваю перамогу прысвячае роднаму Глуску і маці, якая падтрымлівала яго падчас Паралімпійскіх гульняў больш за ўсіх. Спартовец не хавае: Параалімпіяда атрымалася хаця і паспяховай, але складанай.

Святлана Саханенка ўсміхаецца, напэўна, больш за ўсіх. Яна шчыра кажа, што ёй падабаецца ўвага, але такога размаху яна не чакала. У бліжэйшя некалькі дзён дзяўчына хацела б адпачыць, але пасля, па яе словах, працягне трэніроўкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?