Анджэй Дуда, фота Reuters.com
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда вырашыў не віншаваць Уладзіміра Пуціна з перамогай на выбарах прэзідэнта Расіі, пра гэта заявіў у эфіры польскай радыёстанцыі RMF FM кіраўнік канцылярыі польскага лідэра Кшыштаф Шчэрскі.
«Прэзідэнт не лічыць, што зараз зручны час для віншаванняў», — заявіў Шчэрскі, нагадаўшы, што пакуль не абвешчаныя нават афіцыйныя вынікі выбараў (паводле папярэдніх звестак ЦВК Пуцін перамог, набраўшы 76,69% галасоў). «Крыху смешна, калі некаторыя спрабуюць павіншаваць яшчэ да таго, як будуць афіцыйна абвешчаныя і зацверджаныя вынікі выбараў», — дадаў ён.
Шчэрскі паведаміў таксама, што Дуда вырашыў не наведваць матчаў чэмпіянату свету па футболе, які пройдзе ў Расіі ў 2018 годзе, нават нягледзячы на тое, што зборная Польшчы прыме ўдзел у мундыялі.
«Прэзідэнт прыняў рашэнне, што ня будзе прымаць удзел у якасці прадстаўніка Польшчы ў чэмпіянаце свету ў Расіі», - сказаў кіраўнік канцылярыі Дуды.





