На выставу, прысвечаную стагоддзю БНР, у Нацыянальны гістарычны музей схадзіць варта хаця б для таго, каб пабачыць на ўласныя вочы арыгіналы дакументаў, з якіх пачыналася беларуская дзяржаўнасць. Яшчэ нядаўна яны зберагаліся ў спецсховішчах пад грыфам «Сакрэтна», і найвялікшым цудам тут ёсць тое, што іх у прынцыпе не ўвалаклі за савецкім часам у Маскву і не знішчылі як сведчанні «нацыяналістычных перагінаў, што папярэднічалі стварэнню СССР».

У вельмі хуткім часе гэтыя пажоўклыя паперчыны зоймуць пачэснае месца ў мармуровай прасторы Музея беларускай дзяржавы, і дыстанцыя паміж звычайным гледачом і імі павялічыцца. Зараз жа, дзякуючы гасціннай дапамозе Аляксандра Зімніцкага, мне давялося іх пабачыць, іх сфатаграфаваць і дачуцца пра іх архіўную гісторыю. Трэцяя Устаўная грамата Рады БНР, падпісаная акурат з 24 на 25 сакавіка, — бадай што самы каштоўны артэфакт эпохі. Дакумент, выдрукаваны блакітным атрамантам, — той самы падмурак, на якім пазней узнікла ідэя лучнасці беларусаў: без яго, што б там ні пісалі камуністыя ідэолагі, не фармалізаваліся б ідэі ЛітБел, ССРБ, БССР і, нарэшце, РБ.

То вывучэнне гэтай паперчыны А4 мусіць быць самым пільным і ўсебаковым. Мяне як пісьменніка найперш зацікавіла мова. Рэч у тым, што па Устаўной грамаце добра бачна, які велізарны шлях прайшла нашая з вамі родная гаворка за 100 гадоў. Відавочна, што, укладаючы дакумент, які абвяшчае незалежнасць дзяржавы, айцы-заснавальнікі мусілі быць вельмі пільнымі да выбару словаў і спосабаў іх напісання. Відавочна таксама, што ім трэба было старанна ўнікаць дыялектызмаў і прэзентаваць нешта кшталту моўнага эталону. Бо дзе яшчэ заяўляць пра мову дзяржавы, як не ў дакуменце, які яе абвяшчае?

Што кідаецца ў вочы з першага сказа? У Грамаце не выкарыстоўваецца літара «ў». Тлумачыцца тое проста: на той момант ударных клеймаў з такім знакам не існавала ў прыродзе, бо літара тая ўнікальная для нашай мовы. Павярхоўны аналіз шрыфту дазваляе дапусціць, што дакумент быў выдрукаваны на машынцы «Рэмінгтан» (ундэрвуды мелі іншыя засечкі на значках «Р», «В») з рускім шрыфтам, пераробленай пад беларускі алфавіт. Ударнае кляймо «і» пакідае іншы, крыху глыбейшы, адбітак і хутчэй за ўсё было знятае з іншага агрэгата. А вось крыніцы для літары «ў» у сакавіку 1918 года знайсці было немагчыма.

Лексічна дакумент амаль не адрозніваецца ад мовы, якой гаворым мы. З дзівосаў — крыху іншае выкарыстанне слова «чыста»: у сказе «…вайны, якая чыста зруйнавала гарады і вёскі» «чыста» роўнае «дашчэнту», «цалкам». Да таго ж цікавае выкарыстанне выразу «на моцы» замест сучаснага зрусіфікаванага канцылярызму «на падставе»: «На моцы гэтага трацяць сілу усе старыя дзяржаўныя зь…» — тут у рэмінгтана скончылася атрамантавая стужка, і расчытаць слова [»зьвязы»] немагчыма. Трэцяя цікавостка з Устаўной граматы БНР — лексема «ласьне», якую не ведае нават «Скарнік»: выкарыстоўваецца яна тут у значэнні «менавіта»: «БНР павінна абняць усе землі, дзе жыве і мае лічебную перавагу беларускі народ, а ласьне: Магілеушчыну (літара «ё» у якасці абавязковай яшчэ не ўвайшла ва ўжытак), беларускія часьці (менавіта так!) Міншчыны, Гродзеншчыны […]».

Але самае цікавае — гэта правапіс. Пры пільным вывучэнні дакумента добра бачная неўнармаванасць мовы стогадовай даўніны. Гэта можа прагучаць блюзнерствам (але, мне здаецца, Ластоўскі з Луцкевічамі мелі добрае пачуццё гумару і мне даравалі б), але бацькі-заснавальнікі беларускай дзяржаўнасці атрымалі б «двойку» на сучасным дыктанце.

Для пачатку: слова «Незалежнасць» яны пішуць праз «І»: «Нізалежнасць». Пры гэтым у форме прыметніка правапіс змяняецца на сучасны, у другім сказе мы бачым згадку пра «незалежны край». Але ўжо ў трэцім сказе «і» пранікае і ў прыметнік: «БНР АБВЯШЧАЕЦЦА НІЗАЛЕЖНАЙ І ВОЛЬНАЙ ДЗЯРЖАВАЙ». Праз «і» незалежнасць напісаная яшчэ раз, у апошняй фразе дакумента. Магчыма, літара «і», якая ў пары часцінак «не» — «ні» выражае большае адмаўленне, у «Нізалежнасці» падкрэслівала найвышэйшую ступень адмовы ад прыстасаванасці да ўсходняга суседа, хаця гэта толькі мая спекуляцыя. Звяртаюць на сябе ўвагу і канчаткі прыметнікаў: «вёскі» — «беларускіе», не «беларускія», але «зьвязы» — «старыя дзяржаўныя». Слова «асоба» выкарыстаная ў жаночым родзе: «Народы Беларусі, у асобі свайго Устаноучага Сойму …». Але галоўнае — займеннік «ён» (падрыхтуйцеся!) пішацца тут так: «іон»«Іон кінуў наш край у пажар вайны», — чытаем у першым сказе.

І калі бачыш усе гэтыя мілыя каструбаватасці кшталту «Рада пакладае свае надзеі на тое, што усе любячыя волю народы дапамогуць беларускаму народу у поунай меры здзейсніць яго палітычна-дзяржауные ідэалы» — не можаш не ўразіцца моцна ўсім гэтым несупадзенням з канонам. Чалавек, які любіць сваю краіну, адразу пазнае тут музыку роднай мовы: яна гучыць у кожным радку, у кожнай паўзе, у архітэктуры сказаў («прыціснуў быў Беларусь»).

І вось жа, у гэтых людзей анічога не было, не было нават унармаванага правапісу, не было калектыўнага бачання, як мусіць пісацца «незалежнасць» — праз «е» ці праз «і», але прага да незалежнасці, да асобнага шляху для матчынай зямлі — была. І яны паклалі галовы за тое, каб сёння мы мелі дзяржаву, якой маглі б ганарыцца. Дык на што нам, іх нашчадкам, жаліцца? Сёння мы маем суверэнітэт, межы, з якімі ніхто не спрачаецца, сваё войска, свае грошы, сваю мову, якая не адрозніваецца правапісам ад кніжкі да кніжкі (супастаўце мову Багушэвіча з мовай Дубоўкі). Іх справа перамагла. Дай Бог, каб наша генерацыя не змарнавала здабыткаў Луцкевіча, Ластоўскага, Тарашкевіча і іншых.

Са святам стагоддзя БНР вас, шаноўныя сябры!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?