20 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з творчай моладдзю. Разам з ім на сцэне сядзела некалькі юнакоў: дзяўчат і хлопцаў. Праваруч ад Лукашэнкі была 19-гадовая студэнтка Універсітэта культуры і мастацтваў Лізавета Запека.
«Дай сюды ручку, а чаму ты так вымазалася?» — спытаўся ў яе кіраўнік дзяржавы. «Так атрымалася», — адказала дзяўчына. «За пяро брацца не трэба, я пішу толькі атрамантам, а моладзь ім пісаць зусім не ўмее. Гэта спецыфічная ручка, з гербам, зробленая нейкай знакамітай фірмай, пазалочаная. Гэта сувенірная ручка, я яе дарыў Сі Цзіньпіню, Назарбаеву, Пуціну. І цяпер дару табе, каб ты навучылася», — адзначыў Лукашэнка.
Хто ж такая гэтая Лізавета Запека? Дзяўчына родам з Бабруйску, вучылася там у эстраднай студыі «Клас». Адначасова яна займалася ў музычнай школе №1 па класе фартэпіяна і танцавальным калектыве «Пчолка». Фатаздымкі ўзятыя з старонак Лізы ў сацыяльных сетках.
Яна выкладае вакал у музычнай школе JAM. У СМІ Лізавета пачала з’яўляцца ад 2011, калі стала перамагаць у дзіцячых вакальных конкурсах, у 2013-м прывезла з Пражскага музычнага фестываля дыплом у намінацыі «Эстрадны вакал-сола». Там яна выконвала песню на беларускай мове «Белая ластаўка».
У сацыяльнай сетцы Укантакце Лізавета мае больш за 190 падпісак на суполкі: музыка, кіно, фатаграфія, псіхалогія. З беларускамоўных падпісаная толькі на Lit.bel. З навінаў — на РБК і «Бабруйскае жыццё».
Месцам працы ў дзяўчыны пазначаны мюзікл «Дуброўскі», які ставяць студэнты БДУКМ. Спявае на бэк-вакале ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ірыны Дарафеевай. Прынамсі, езділа з Дарафеевай на выступ у Бабруйск.
У 2016-м Лізавета Запека здала цэнтралізаванае тэставанне па гісторыі Беларусі на максімальны вынік — 100 балаў.