20 сакавіка КДБ на гарачым учынку затрымаў дырэктара Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Уладзіміра Косціна пры атрыманні хабару ў памеры 3500 долараў ЗША.

Таксама затрыманы хабарадавальнік — кіраўнік адной з камерцыйных структур, які перадаваў грошы Косціну за спробу вырашэння пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.

Распачатыя крымінальныя справы па ч.3 артыкула 430 («Атрыманне хабару») і ч.2 артыкула 431 («Даванне хабару»). Да іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Паводле інфармацыі на сайце Дэпартамента па авіяцыі, Уладзімір Косцін — пілот 1 класа, агульны налёт — больш за 10 тысяч гадзін. Родам ён з Омскай вобласці. З 1982 года працаваў у Беларускім аб'яднанні грамадзянскай авіяцыі. Спачатку быў другім пілотам, а потым камандзірам Ту-134, Ту-154. У 2003 годзе прайшоў перападрыхтоўку на камандзіра паветранага судна «Боінг-737-300/400/500». Пасля 2005 года быў першым намеснікам старшыні Дзяржкамітэта па авіяцыі, потым, па 2013 год, — намеснікам дырэктара Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

Вядома, што большая частка лётнай кар'еры Косціна прыйшлася на пералёты віп-пасажыраў, ён таксама быў пілотам борта № 1.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру