У суд пайшла справа чарговага сяржанта з Пячэй. Вайскоўца абвінавачваюць у злоўжыванні ўладай, па справе праходзяць чатыры пацярпелыя, паведамляе Tut.by.

13 сакавіка Генеральная пракуратура накіравала ў суд Барысаўскага раёна крымінальную справу ў дачыненні да сяржанта Б. Па версіі абвінавачвання, ён сістэматычна патрабаваў у падначаленых, каб тыя куплялі яму каву і цыгарэты. Акрамя таго, з 16 ліпеня па 14 кастрычніка 2017 года забіраў у радавых мабільныя тэлефоны. Калі сяржант бачыў, што хлопцы карысталіся забароненымі ў арміі мабільнымі з камерай, то не дакладваў пра гэта кіраўніцтву, а проста адбіраў тэлефоны, а затым тэлефанаваў за кошт радавых.

— 14 кастрычніка ў калідоры будынка медыцынскай роты абвінавачаны здзейсніў гвалт у дачыненні да падначаленага — той забраў у сяржанта свой тэлефон. Абвінавачанаму гэта не спадабалася. Ён спачатку надгледзеў радавога, затым стаў пагражаць, выказвацца нецэнзурнай лаянкай, схапіў яго за руку і ўдарыў кулаком у галаву, чым нанёс фізічны боль, маральныя пакуты і знявагі, — распавёў вядучы спецыяліст суда Барысаўскага раёна Дзмітрый Крывела.

Гэта адбылося, калі ў Печах ужо працавалі следчыя па справе загінулага Аляксандра Коржыча. Нагадаем, цела маладога чалавека выявілі 3 кастрычніка ў падвале. Ён сем дзён правісеў у пятлі, пакуль яго не знайшлі. Падчас расследавання былі распачатыя дзясяткі крымінальных спраў, звязаных з дзедаўшчынай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру