22 сакавіка ў цэнтры Мінска падчас раздачы ўлётак з запрашэннем на дазволеную акцыю ў гонар стагоддзя БНР былі затрыманыя два актывісты «Моладзі БНФ» — Арцём Касавараў і Арсеній Д., паведамляе «Вясна».

Пра гэта паведаміў іншы актывіст арганізацыі Юрась Лукашэвіч. 

Паводле Лукашэвіча, чатыры актывісты ішлі па вуліцах Мінска і раздавалі ўлёткі-запрашальнікі на будучае святочнае мерапрыемства. Праходзячы па вуліцы Гарадскі вал, двое з іх вырашылі сфатаграфавацца ля скульптуры мінскага гарадавога. Менавіта ў гэты момант да маладых людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі. 

І хоць актывісты мелі пры сабе копію дазволу на мерапрыемства ад гарвыканкаму, міліцыянты вырашылі затрымаць дваіх з іх «для размовы». Па словах Лукашэвіча, іх павезлі ў РУУС Маскоўскага раёна.

Пазней Лукашэвіч у сваім Фэйсбуку паведаміў, што аднаго хлопца адпусцілі з Маскоўскага РУУС, а другога, Арцёма Касаварава, — павезлі на Акрэсціна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0