posterПа прачытаньні спаліць (Burn After Reading)
ЗША – Францыя – Вялікабрытанія, 2008, каляровы, 96 хв.
Рэжысэры: Этан і Джоэль Коэны
Ролі выконваюць: Джон Малкавіч, Фрэнсіс МакДорманд, Джордж Клуні, Брэд Піт, Цільда Сўінтан, Рычард Джэнкінз
Жанр: Іранічная драма
Адзнака: 7 (з 10)

Звольнены за алькагалізм агент ЦРУ (Джон Малкавіч), які “ўсё жыцьцё змагаўся з дэбіламі”, вырашае скласьці мэмуары. Дыск зь ягонымі ўспамінамі трапляе ў рукі прыдуркаватых супрацоўнікаў сілоўні (Брэд Піт і Фрэнсіс МакДорманд), якія прагнуць узбагачэньня…

Стужка братоў Коэнаў – іранічны камэнтар на шпегаўскія трымценьнікі, змовы й нікому не патрэбныя таямніцы. Фільм з абсурдовай стрыманасьцю паказвае звычайных людзей, ахопленых сваімі жарсьцямі. Агент Джон Малкавіч – ільне да бутэлькі й патрыятычна брыдкасловіць. Ягоная жонка (Цільда Сўінтан) – “халодная сьцерва” – здраджвае яму (і, рэжысэрскі зьдзек – працуе дзіцячым лекарам). Дробны целаахоўнік-плэйбой (Джордж Клуні) употайкі майструе пікантнае крэсла, а глупства спартовых інструктараў – Брэда Піта й Фрэнсіс МакДорманд – вымярэньню не паддаецца.

Знакамітыя акторы неглямурна-ідыятычныя, жыцьцярадасна-гратэскныя – і аднамерна-спустошаныя. З разьвясёлай усьмешкай Брэд Піт атрымлівае кулю ў лоб, Фрэнсіс МакДорманд трызьніць плястычнымі апэрацыямі, Джон Малкавіч бярэ ў рукі сякеру, а зьляканы Джордж Клуні ўцякае ў Вэнэсуэлу.

Але за іранічным аповедам і ахайна-цытатнымі кпінамі дасьціпнай драмы – нуда і драбнеча жыцьця, што адмаўляецца быць сапраўдным і заўжды ня тое, якім здаецца.

Кінатэрміны

Кінападзеі

Усе фільмы

Кінатворцы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?