«Нашыя GPS-замеры паказваюць на тое, што ўвесь вулкан Этна паўзе па схіле ў паўднёва-ўсходнім напрамку, з хуткасцю прыкладна 14 міліметраў у год. Гэта першы прыклад таго, як «падае» ўвесь актыўны вулкан. Назіранні за ім важныя таму, што яго ніжні схіл можа абваліцца ў любы момант часу», — пішуць Джон Мюрэй з Адкрытага ўніверсітэта ва Уолтан-Холе (Вялікабрытанія) і яго калегі.

Вулкан Этна з'яўляецца адным з самых неспакойных геалагічных аб'ектаў на Зямлі: ён практычна ўвесь час вывяргае лаву і праяўляе іншыя прыкметы актыўнасці, а яго жарало ніколі не стаіць на месцы. Паводле ацэнак навукоўцаў, яго становішча змянялася як мінімум тры разы за апошнія 40 гадоў.

Як распавядаюць навукоўцы, іх даўно цікавіла тое, чаму так адбываецца. Адназначных тлумачэнняў гэтаму пакуль няма, і большасць геолагаў схілялася да думкі, што ў гэтым было «вінавата» пашырэнне магматычнай камеры вулкана і звязаная з гэтым дэфармацыя заходняга схілу Этны.

Брытанскія геолагі высветлілі, што гэта не так, прасачыўшы за тым, як памянялася становішча прыкладна 100 кропак на схілах Этны ў апошнія 15 гадоў, выкарыстоўваючы партатыўныя прымальнікі GPS. Зрабіць гэта было складана з-за пастаянных вывяржэнняў галоўнай гары Сіцыліі — агулам вулкан паспеў знішчыць звыш сотні з двухсот пазнак, якія навукоўцы размясцілі на яго схілах за апошнія паўстагоддзя.

Гэтыя замеры паказалі, што рухаецца не адзін схіл гары, а ўся Этна цалкам — яна саслізгвае ўніз па схіле ў паўднёва-ўсходнім напрамку, у бок вод Міжземнага мора. На шляху Этны, як адзначаюць навукоўцы, знаходзіцца камуна Джарэ з насельніцтвам каля 30 тысяч чалавек, размешчаная цяпер за 15 кіламетраў ад падножжа гары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?