Арганізатары Дня Волі ў Мінску расказалі пра тое, як рыхтаваліся да свята і чаму на плошчы каля Оперы былі праблемы з пунктамі грамадскага харчавання.

Арганізатары паведамілі, што пакінуць сваю палатку на фудкорце жадаючых было вельмі шмат — заяўкі кампаніі пакідалі на сайце арганізатараў. Сярод іх былі і «Камунарка», і нават рэстаран кіравання справамі прэзідэнта «Лідо» — ім арганізатарам прыйшлося адмовіць. Але, кажуць, не па ідэалагічных матывах, а з-за абсталявання рэстарана, якое не змясцілася б на невялікім фудкорце. Намётаў з ежай і кавай было няшмат, таму ў чэргах даводзілася стаяць па 30-40 хвілін.

Гэты момант арганізатары тлумачаць перабоямі з сувяззю, з-за чаго аплата карткамі займала шмат часу, і адмовай горада перакрыць вуліцу Янкі Купалы, дзе хацелі зрабіць цэлую алею з ежай.

— Мы разумелі, што вялікая колькасць людзей у адным месцы — гэта складана з пункту гледжання бяспекі. Таму доўга прасілі горад перакрыць вуліцу Купалы, тады б канцэнтрацыя людзей знізілася, — кажа Антон Матолька. — Плюс была задумка, што на Купалы будзе стаяць вялікі экран і гук, куды пойдзе трансляцыя са сцэны. І ўздоўж вуліцы стаяў бы доўгі фудкорт. З іншага боку стаяў бы кірмаш. Але горад нам адмовіў. Таму, на жаль, выйшла як выйшла. Але ў наступны раз мы будзем настойваць мацней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0