Дыпламатычны канфлікт паміж Расіяй і Вялікабрытаніяй не створыць нязручнасцяў для грамадзян Беларусі, якія хочуць атрымаць брытанскія візы, піша Еўрарадыё.
Раней пададзеныя беларусамі дакументы разглядаліся ў консульскім аддзеле брытанскай амбасады ў Маскве. Высылка вялікай колькасці брытанскіх дыпламатаў са сталіцы Расіі магла б ускладніць і запаволіць гэты працэс.
Але ў амбасадзе Вялікабрытаніі ў Беларусі Еўрарадыё супакоілі: візы беларусам цяпер ставяць у Варшаве. «Гэта пачалося яшчэ да канфлікту. Падстаў для хваляванняў у беларусаў няма», — дадалі ў пасольстве.
Некаторыя катэгорыі віз, напрыклад, візы на мэты адукацыі, разглядаюцца наўпрост у Вялікабрытаніі.