Праект Цзыўая Со, які перамог у конкурсе на стварэньне эўрапейскага мэмарыялу ахвярам таталітарызму ў Брусэлі

Праект Цзыўая Со, які перамог у конкурсе на стварэньне эўрапейскага мэмарыялу ахвярам таталітарызму ў Брусэлі

Брытанскі архітэктар Цзыўай Со, вядомы як аўтар беларускай драўлянай царквы ў Лёндане, выйграў адбор на стварэньне першага агульнаэўрапейскага мэмарыялу ахвярам таталітарызму ХХ стагодзьдзя. На праект яго натхніў мэмарыял у Хатыні, піша Радыё Свабода.

Конкурс ладзіцца Плятформай эўрапейскай памяці і ўсьведамленьня (Platform of European Memory and Conscience). У ім спаборнічалі 39 удзельнікаў. 28 сакавіка журы назвала пераможцаў.

Цзыўай Со прапанаваў разьмясьціць у цэнтры Брусэля мэмарыял з павялічаных лістоў арыштаваных і дэпартаваных людзей з розных краінаў.

Лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со, вернік і аўтар праекта беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане.

Лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со, вернік і аўтар праекта беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Лондане.

Для гэтага будуць выкарыстаныя павялічаныя копіі сапраўдных лістоў. У цэнтры плошчы будзе стаяць стальная панэль з наступным надпісам: «Пад бэтонным падмуркам захаваныя лісты Ахвяраў Таталітарызму і іхных блізкіх». Ён будзе перакладзены на розныя мовы.

«Натхнеьне прыйшло ад мэмарыялу ў беларускай Хатыні і «Музэю туфляў на ўзьбярэжжы Дуная» ў Будапэшце», — сказаў Цзыўай Свабодзе.

Архітэктар даўно ведаў пра мэмарыяльны комплекс Хатынь, але ўпершыню наведаў яго ў сьнежні 2017 года падчас свайго апошняга візыту ў Беларусь. Яго ўразіла, што ў Хатынь была правезеная зямля з розных спаленых вёсак. У сваім праекце Цзыўай замяніў зямлю лістамі з розных краінаў і на розных мовах.

«Канцэпцыя заключаецца ў тым, каб сабраць лісты ахвяраў і раскідаць іх у Брусэлі. Хай лісты распавядаюць гісторыю самі», — сказаў Цзыўай.

Ён ужо cкантактаваўся са шматлікімі арганізацыямі і прыватнымі асобамі, якія валодаюць лістамі арыштаваных і дэпартаваных людзей. Агулам Цзыўай Со мае базу ў 40 тысячаў лістоў ахвяраў таталітарных рэжымаў. У гэтым ліку ёсьць і некалькі лістоў зь Беларусі. Па словах архітэктара, ён не адмовіцца, калі яму яшчэ дашлюць лісты рэпрэсаваных зь Беларусі.

Мэмарыял разьмесьціцца на плошчы Жана Рэя у цэнтры Эўрапейскага кварталу ў Брусэлі. Ён мусіць быць скончаны ўжо сёлета да 23 жніўня. Гэта Дзень памяці ахвяраў таталітарызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?