Футбольная зіма выдалася нечакана багатай на гучныя падзеі. Самая гучная — знікненне «Крумкачоў». АБФФ адмовіла праекту Дзяніса Шунто ў допуску да ліцэнзавання «з-за неаднаразовага парушэння тэрмінаў падачы дакументаў». Таксама паведамлялася аб сур'ёзных фінансавых праблемах клуба.

Шматлікія запэўніванні прадстаўнікоў клуба пра наяўнасць патэнцыйнага інвестара не здолелі пераканаць федэрацыю.

Пакуль «Крумкачы» вырашаюць, што рабіць далей, іх месца ў вышэйшай лізе заняла мінскае «Тарпеда».

На сур’ёзныя перамены пайшлі і ў БАТЭ. Былы трэнер барысаўчан Аляксандр Ермаковіч стаў памочнікам Віктара Ганчарэнкі ў ЦСКА. На яго месца прыйшоў не выхадзец з «жоўта-блакітнай» сям’і, а Алег Дулуб, які няблага сябе зарэкамендаваў ва ўжо згаданых «Крумкачах» і ўкраінскіх «Карпатах» з «Чарнаморцам».

Алег Дулуб выводзіў «Крумкачоў» у вышэйшую лігу, а зараз узначаліў БАТЭ. Фота Сяргея Гудзіліна.

Час пакажа, наколькі апраўданым было такое рашэнне, але матч за Суперкубак барысаўчане ўжо прайгралі брэсцкаму «Дынама».

У Брэст перайшоў адзін з самых таленавітых беларускіх гульцоў — Павел Савіцкі. Кіраўніцтва «Нёмана» спрабавала спагнаць з «Дынама» 600 тысяч даляраў за пераход гульца, але ў выніку пагадзілася на ўтрая меншую суму.

Здаецца, нарэшце вырашаная праблема з якасцю інтэрнэт-трансляцый матчаў чэмпіянату. Цяпер кожная гульня будзе транслявацца ў фармаце HD на сайце федэрацыі і на тб-канале «Мінск-TV».

«Прамень» перамог у мінулым розыгрышы першай лігі, нягледзячы на штраф у 10 ачкоў праз дачыненне прадстаўнікоў каманды да дамоўных матчаў.

Каманда Івана Біёнчыка камплектуецца пераважна маладымі гульцамі і здольная на сюрпрызы, першы з якіх можа адбыцца ўжо заўтра.

«Мінск» зімой змяніў галоўнага трэнера — ім стаў Аляксандр Лухвіч, які да гэтага кіраваў дублюючым складам «гараджан». Мяркуецца, што каманда будзе прапаведаваць атакуючы камбінацыйны футбол, а яе аснову складуць выхаванцы клуба.

Спарынг «Прамень» — «Мінск». 17 лютага 2018 года. Фота Анатоля Рэдзіна.

Варта адзначыць, што ў лютым «Прамень» з «Мінскам» ужо сустракаліся ў таварыскай гульні, якая скончылася ўнічыю. Таму ў стартавым матчы чэмпіянату вельмі складана вызначыць фаварыта.

У сакавіку «Нёман» мусіў згуляць з «Крумкачамі» ў чвэрцьфінале Кубка Беларусі, але гэтыя матчы так і не адбыліся. Галоўны трэнер гарадзенцаў Ігар Кавалевіч запэўніў балельшчыкаў у тым, што, нягледзячы на страту Савіцкага, каманда фінішуе не ніжэй за шостае месца. Таксама ён паспрачаўся з адным фанатам на чатыры скрыні піва на перамогу ў Кубку.

У «Віцебска» амбіцыі не менш сур’ёзныя. Кіраўніцтва клуба вельмі ўдала папрацавала на трансферным рынку, падпісаўшы двух бразільцаў і серба Ненада Адамавіча, які вельмі добра знаёмы аматарам футбола па выступленнях за мінскае «Дынама».

Ненад Адамавіч. Фота: ФК «Віцебск»

У мінулым сезоне ў двух матчах паміж камандамі з Гродна і Віцебска была забіта 9 мячоў. Футбольным аматарам варта чакаць атакуючай гульні і цяпер.

Абедзве каманды зведалі сур’ёзныя кадравыя перамены ў міжсезонне. У тым ліку са «Слуцку» на поўдзень Беларусі пераехалі брамнік Дзмітрый Дудар і абаронца Валерый Каршакевіч.

Случчакам, якія досыць нечакана скончылі мінулы чэмпіянат на сёмым месцы, будзе вельмі складана паўтарыць гэты вынік. Тым больш абарончая лінія каманды змянілася амаль поўнасцю.

Перад «Гомелем» стаіць задача фінішаваць у першай палове табліцы. Мяркуючы па сабраным складзе, каманда здатная на гэта.

Праводзіць хатнія матчы ў Гомелі пакуль немагчыма, таму гульня адбудзецца на бабруйскай сінтэтыцы. 

Без аніякіх сумневаў, матч тура. Брэсцкая каманда мае намер заняць месца «Шахцёра» сярод фаварытаў сезона. «Дынама» ўжо завалодала Суперкубкам і ўпэўнена выйшла ў паўфінал Кубка Беларусі. У Брэсце, здаецца, усё добра.

Фота Аляксандра Сахарчука.

«Шахцёр» жа з розыгрышу Кубка сенсацыйна вылецеў. У салігорскіх балельшчыкаў ёсць шмат пытанняў да галоўнага трэнера Марэка Зуба і спартовага дырэктара клуба Дзмітрыя Хахлова. Але ў камандзе з’явіліся сур’ёзныя навічкі, таму выключаць «Шахцёр» з прэтэндэнтаў на чэмпіёнства пакуль рана.

Яшчэ адна заяўка на статус матча тура. Мінскае «Дынама» сустракаецца з камандай, якую ўпэўнена можна назваць ценявым фаварытам чэмпіянату.

У мінулым годзе «Дынама» як ніколі блізка было да вяртання чэмпіёнства, і планы на гэты сезон у падначаленых Сяргея Гурэнкі не менш амбітныя. Трэнер запрасіў у каманду добра знаёмых гульцоў і ўзяў адказнасць за вынікі на сябе.

Шмат чаго можна чакаць ад «Тарпеда-БелАЗ». Алег Кубараў на дзве траціны абнавіў склад каманды, сур’ёзна яе амаладзіўшы. На сустрэчы з заўзятарамі спецыяліст выказаў надзею, што гэты склад здольны заваяваць медалі і трафеі.

Калі б не было пераменаў у складзе каманд вышэйшай лігі, то ў першым жа туры можна было б стаць сведкамі прынцыповай гульні паміж «Іслаччу» і «Крумкачамі». Зараз жа клуб з Мінскага раёна стане першым супернікам сталічнага «Тарпеда» пасля вяртання ў вышэйшую лігу.

Падначаленыя Віталя Жукоўскага спакойна правялі міжсезонне, злятаўшы на збор у Турцыю і не зведаўшы сур’ёзных кадравых пертурбацый. У сакавіку «Іслач» правяла дзве кубкавыя гульні, у якіх прадказальна не здолела прайсці БАТЭ.

«Тарпеда» ж рыхтавалася да сезона ў Беларусі. Пасля атрымання ліцэнзіі на ўдзел у вышэйшай лізе «аўтазаводцы» падпісалі двух легіянераў з Расіі. Магчыма, у найбліжэйшыя дні каманду таксама чакае папаўненне.

Наўрад ці ад гэтых каманд варта чакаць сур’ёзных дасягненняў у сезоне. Але магілёўцы ўжо паспелі выбіць «Шахцёр» з Кубка Беларусі і ў добрым настроі чакаюць першай гульні чэмпіянату.

Трэба адзначыць, што «Гарадзею» ў яе дома перамагчы амаль немагчыма. Апошні раз гэта здаралася 1 красавіка мінулага года ў першай гульні чэмпіянату-2017.

Таксама ў Гарадзеі ледзь не страціў чэмпіёнства барысаўскі БАТЭ, здолеўшы вырваць «залатую» нічыю толькі ў дададзены арбітрам час.

Яшчэ аднаму дэбютанту вышэйшай лігі выпаў, бадай, самы сур’ёзны іспыт — сустрэча з БАТЭ. Пасля паразы ў Суперкубку барысаўчане даволі ўпэўнена прайшлі чвэрцьфінальную стадыю Кубка Беларусі і ў пяты раз падпісалі Аляксандра Глеба.

Праблем у матчы са «Смалявічамі» ў гульцоў Алега Дулуба ўзнікнуць не павінна. Наогул, здаецца, што навічок «вышкі» — адзін з галоўных прэтэндэнтаў на вылет па выніках чэмпіянату. Трэба будзе прыкласці шмат намаганняў, каб гэтага не адбылося.

 

Фота Сяргея Гудзіліна.

Нягледзячы на не самае вясновае надвор’е, знайдзіце пару гадзін для паходу на гульню сваёй улюбёнай каманды. А каб зрабіць гэта яшчэ больш цікавым, раім зрабіць стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

3
Каментатар / Адказаць
15.03.2003 / 02:55
І без БАТЭ, бо, на мой погляд, іх будуць мачыць па-чорнаму з падачы БеФеФу. Таму беларускага чэмпіяната па футболе для мяне не існуе.
8
Каментатар / Адказаць
19.10.1991 / 12:58
БЕЗ КРУМКАЧОЎ НЕЦІКАВА!
1
Каментатар / Адказаць
30.07.2015 / 18:59
Цікава, канешне, даведацца, хто аўтар фота, але ж не менш цікава было б убачыць і прозвішчы гульцоў на іх. 
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру