Пажарная сігналізацыя ў кемераўскім гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» была пераведзена на ручное кіраванне, і ахова не выканала неабходных дзеянняў пры атрыманні сігналу аб узгаранні. Пра гэта паведаміў галоўны дзяржаўны інспектар па пажарным наглядзе МНС Расіі Рынат Енікееў у інтэрв'ю «Расійскай газеце».

«Я так разумею, што з 19 сакавіка (пажар адбыўся 25 сакавіка) яна пачала даваць збоі і пасылаць ілжывыя спрацоўванні і яе адключылі, перавёўшы ў ручны рэжым», — сказаў ён.

Енікееў растлумачыў, што сістэма пажарнай бяспекі ў аўтаматычным рэжыме павінна была маментальна ўключыць сістэмы дымавыдалення, апусціць ліфты на першы паверх, пераключыць усе эскалатары на спуск і разблакаваць дзверы эвакуацыйных выхадаў.

Сігнал аб пажары ў «Зімовай вішні» паступіў ахоўніку на пульт на першы паверх, распавёў галоўны дзяржаўны інспектар па пажарным наглядзе. Пасля гэтага ён павінен быў уручную адключыць усё, што адключылася б у аўтаматычным рэжыме. «Але ён гэтага не зрабіў і не апавясціў МНС пра пажар», — падкрэсліў Енікееў і дадаў, што выратавальнікам патэлефанаваў нейкі невядомы чалавек.

Акрамя таго, падчас пажару ў гандлёвым цэнтры працягвала працаваць агульная вентыляцыя, што спрыяла хуткаму распаўсюджванню агню.

Дакладная карціна падзей будзе адноўлена пасля таго, як удасца атрымаць усю інфармацыю з кантрольнага прыбора сігналізацыі, растлумачыў Енікееў. Яго расшыфроўкай займаюцца следчыя.

Пажар у кемераўскім ГЦ «Зімовая вішня» адбыўся 25 сакавіка. Па афіцыйных дадзеных, загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?