У Палаце прадстаўнікоў 5 красавіка адбыўся круглы стол па пытаннях беларускамоўнага заканадаўства. У прэзідыуме мерапрыемства сядзелі экс-старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч, дэпутат Ігар Марзалюк і першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Акадэміі навук Аляксандр Лукашанец. 

фота Сяргея Гудзіліна.

фота Сяргея Гудзіліна.

Гаворка ішла пра тое, ці трэба (а калі трэба, то як) пашырыць ужыванне беларускай мовы ў працэсе заканатворчасці. 

Варта адзначыць, што з запрошаных дэпутатаў і чыноўнікаў ніхто не выказаўся «супраць», таму дыскусія вялася на тэму, як менавіта гэта рабіць: прымаць законы на адной мове, а потым перакладаць яе на іншую, або прымаць адразу на дзвюх, або вынайсці нейкі камбінаваны шлях. 

Ва ўзор ставіліся парламенты Казахстана, Ірландыі, расійскіх рэспублік. Прамоўцы нагадвалі, што ў БССР законы ў абавязковым парадку прымаліся на беларускай мове. 

Прапануем вам найбольш цікавыя фрагменты дыялогаў з круглага стала: 

Рыгор Васілевіч: «Калі трэба і наспеў час прымаць законы на рускай і беларускай мове — дык калі ласка, няма ніякіх перашкод. Я не думаю, што варта кідацца з боку ў бок: прымалі па-руску, а цяпер вось па-беларуску, давайце і так, і так. На першы час нават можна праводзіць адну сесію па-руску, адну па-беларуску. Калі па-беларуску, то законапраект разглядаецца па-беларуску. Дзяржаўныя служачыя павінны выконваць патрабаванні закона «Аб мовах» і закона «Аб дзяржаўнай службе». Усе павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, а беларускую мову звычайна не ведаюць. І парушаюць заканадаўства. І тады, калі адказваюць на беларускамоўныя звароты грамадзян па-руску, таксама парушаюць. Можа, прыняць закон аб мовах у новай рэдакцыі?»

Мікалай Савановіч, начальнік аддзела канстытуцыйнага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў:

«Тут я згодны з папярэднім прамоўцам, што не трэба кідацца з боку ў бок, давайце прымаць законы на дзвюх мовах. Але галоўнае, што павінен быць выбар. Чаму я сёння не магу аддаць дзіця ў беларускамоўны садок і вымушаны ездзіць праз увесь горад? Няма адпаведнага садка ў маім раёне. З маіх знаёмых 5-7 чалавек ужо аддалі дзяцей у рускамоўны садок, бо не было магчымасці аддаць у беларускамоўны. Я не кажу, што яны абавязаны быць адразу выйшаў — і ля ганку. Але ў кожным раёне павінны быць».

Алена Філімонава, начальнік галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі: 

«Адразу скажу, што мы стараемся адпавядаць тым патрабаванням да дзяржслужачых, якія прадугледжаны Законам аб мовах. А наконт тэмы круглага стала… Ніякіх прававых перашкодаў прымаць законы па-беларуску няма. Пытанне ў практыцы. Не трэба перабольшваць цяжкасці працэсу падрыхтоўкі [законаў]. Невырашальнага тут нічога няма». 

***

Лукашанец: Няма грошай на беларускамоўны пераклад? Давайце пісаць па-беларуску і паглядзім, ці знойдуцца грошы на рускамоўны пераклад

Аксана Мякіннік, начальніца юрыдычнага аддзела Мінадукацыі:

«Мы прымаем ведамасныя акты па-беларуску. Што тычыць законаў, то я як грамадзянін падтрымліваю Аляксандра Аляксандравіча [Лукашанца]». 

***

Ігар Марзалюк: «Заўважу, што гэта не размова пра існаванне дзвюх нацыянальных абшчынаў, гэта дыскусія, якая ідзе ўнутры беларускай нацыі. Я супраць стварэння моўных рэзервацый, я заўсёды ўспрымаў сябе як прадстаўніка большасці, а не меншасці. Выхаванне моўнай культуры — гэта важна».

***

Алег Трусаў, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы:

«Чаму існуе такая практыка, што суддзі, беларускія суддзі, наймаюць за нашыя ж грошы перакладчыкаў з беларускай мовы? Прапаную забараніць ім гэта рабіць, а грошы накіраваць на аплату перакладаў заканадаўчых актаў». 

Ігар Марзалюк: Гэтыя суддзі, выходзіць, увогуле не адпавядаюць статусу дзяржаўных служачых. 

***

Таццяна Кананчук, старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі і прыродакарыстання:

«Будучыня за тымі прапановамі, якія тут агучаныя. Але такі прыклад: Кодэкс аб культуры прыняты і выкарыстоўваецца — хто сёння патрабуе яго перакладу на рускую мову? Ніхто. Але зусім мала законапраектаў паступае на беларускай мове. Чаму мала? Бо мы мала выкарыстоўваем мову. Колькі грамадзян нашай краіны будзе выкарыстоўваць гэта, калі мы перакладзем законы? Я пра іншае. Я пра пашырэнне выкарыстання беларускай мовы. Яна не выкарыстоўваецца дзяржаўнымі служачымі ў поўнай меры. Сёння вясковыя школы працуюць па-беларуску, але калі дазволілі здачу экзамену па гісторыі па-руску… Гэта няправільна. Хаця я і з радасцю канстатую, што нашая моладзь усё больш і больш размаўляе па-беларуску».

Лукашанец: «Таццяна Пятроўна, не трэба падмяняць прыярытэты — калі будзе заканадаўчая база, то на гэтым вырасце астатняе».

Марзалюк: «Ужо вырасла цэлае пакаленне, для якога беларуская тоеснасць — не савецкая тоеснасць. Майму сыну 15 год, ён, ідучы некалі з садка, шукаў паўсюль беларускае: машыны, прадукты… Гэта іншыя людзі, для іх Беларусь — не месца прапіскі. Можа, гэта незаўважна на вуліцах, але да мовы цяпер ёсць стаўленне як да найважнейшага маркера, гляньце, як рэкламу беларускамоўную замаўляюць. Па-беларуску гаварыць цяпер модна. Калі мы ў 1980-я пацанамі заходзілі у кавярню, то нам казалі: хлопцы, а вы калгаснікі ці пісьменнікі, што гаворыце па-беларуску? Потым да гэтага дадаліся яшчэ бэнээфаўцы. Цяпер жа палітра беларускамоўных нашмат шырэйшая».

Напрыканцы круглага стала ўдзельнікі вызначылі, што далейшая работа ў кірунку беларусізацыі заканадаўства будзе весціся паступова і «крок за крокам».

«Гэта прэстыж краіны», — казалі дэпутаты ў кулуарах. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?