Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на Раство і Вялікдзень традыцыйна наведвае праваслаўныя храмы. Сёлета ён прыехаў у епархіяльнае ўпраўленне Беларускай праваслаўнай царквы, што знаходзіцца на вуліцы Вызвалення ў Мінску, каб сустрэцца з ганаровым Патрыяршым экзархам Беларусі Філарэтам. Звярнула ўвагу, што мітрапаліта Паўла на сустрэчы не было.

Фота president.gov.by.

Фота president.gov.by.

Мітрапаліт Павел (Панамароў) быў пераведзены ў Беларусь 25 снежня (каталіцкае і пратэстанцкае Раство) 2013 года. Ён змяніў акурат мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), які з таго часу жыве пры епархіі і амаль ні з кім не сустракацца. Вядома, што мітр. Філарэт працягвае цяжка хварэць на цукроўку.

Аднак для велікоднай сустрэчы 2018 года Лукашэнка абраў менавіта Філарэта. «Сёння я вырашыў прыехаць да вас у дамавы храм, які вельмі люблю.

Хачу ад сябе асабіста і ад вас павіншаваць беларускі народ з гэтым светлым святам Вялікадня. Гэта самае жаданае свята ў нашага народа, вы гэта добра ведаеце. Таму дазвольце мне вас павіншаваць з гэтым светлым святам і ўвесь беларускі народ, пажадаць дабра і шчасця», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акцэнтуем увагу яшчэ раз: мітрапаліт Павел пры гэтай сустрэчы не прысутнічаў, хаця Лукашэнка і прыехаў на месца ягонай працы, у епархіяльнае ўпраўленне, дзе ў фактычнай ізаляцыі і жыве пасля сваёй адстаўкі мітр. Філарэт.

З чым можа быць звязана такое рашэнне кіраўніка дзяржавы?

Старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускага Экзархата айцец Сяргей Лепін кажа, што гэта не першы выпадак, калі кіраўнік дзяржавы едзе да мітрапаліта Філарэта. «Ён даволі часта яго віншуе. Добра, што Аляксандр Рыгоравіч паважае Філарэта. Ганаровы мітрапаліт цяпер на пенсіі, мае шмат вольнага часу. І гэта выдатна, што абодва займелі магчымасць сустрэцца. Што тычыцца адсутнасці мітрапаліта Паўла на сустрэчы, хоць і гэта месца яго працы, то цяпер велікодны тыдзень, шмат дзе трэба быць. Усяму свой час, будуць яшчэ супольныя сустрэчы».

Праваслаўны святар, блогер Аляксандр Шрамко мяркуе, што апошнім часам Аляксандр Лукашэнка на Вялікдзень спрабуе знаходзіць нестандартныя хады. «Выбірае негалоўныя храмы. Сёлета вось узгадаў чалавека, які знаходзіцца на пенсіі. Усё астатняе — з вобласці здагадак, дадумкі на простым факце сустрэчы. Я не раблю з усяго гэтага ніякіх высноваў», — кажа айцец Шрамко.

«Мітрапаліт Філарэт сваёй працай заслужыў павагу не толькі сваіх вернікаў, але і каталікоў, і пратэстантаў. І ўрэшце, ён не меў мянушкі, якую мае «мітрапаліт кранік». Не выключаю, што гэта такая настальгія па ўладыку», — кажа адмысловец у пытаннях рэлігіі, гісторык Анатоль Сідарэвіч.

«Думаю, тыя, хто прызначаў Паўла, цяпер кусаюць локці. Гэты чалавек ужо тройчы праявіў сваю легкадумнасць: першы раз, калі сказаў пра «чарнобыльскі кранік»; другі, калі згарнуў ініцыятыву аб самакіраванасці БПЦ; трэці, калі сказаў, што ў праваслаўных і ўніятаў розны Бог. Гэта выходзіць, што Творца неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага — не адзін, што творцаў многа. У праваслаўным кліры стаўленне да былога разанскага ўладыкі таксама дваякае. Ён жыў у Разані ў цалкам праваслаўным асяроддзі, у яго не было вакол столькі каталікоў, пратэстантаў, мусульман, юдзеяў. І высвятляецца, што ён проста не ўмее сябе з імі паводзіць, не сочыць за языком», — працягвае Анатоль Сідарэвіч.

Гісторык мяркуе, што мітрапаліт Філарэт быў чалавекам зусім іншага выхавання, бо доўгі час быў кіраўніком аддзела замежных царкоўных сувязяў пры Маскоўскім Патрыярхаце, дзе ягонай задачай былі кантакты з Захадам, ведаў, што такое Еўропа. «Філарэт сустракаўся з ватыканскімі, англіканскімі іерархамі. Гэта дыпламат, які як рыба ў вадзе адчувае сябе на Захадзе. Калі можна так сказаць, гэта зубр», — дзеліцца ўражаннямі Анатоль Сідарэвіч.

Многія адзначаюць, што ў Аляксандра Лукашэнкі і мітрапаліта Паўла склаліся халодныя адносіны. На апошняе Раство кіраўнік краіны прабыў на сустрэчы з Паўлам толькі 15 хвілін замест запланаванай паўгадзіны.

Тэолаг, рэдактарка сайта «Царква» Наталля Васілевіч маё сваё меркаванне наконт таго, чаму Лукашэнка абраў Філарэта. «Такі крок мае сімвалічнае значэнне. Ужо даволі працяглы час, яшчэ да Паўла, Лукашэнка на Раство і Вялікдзень вырабляў такое. То да айца Фёдара [Поўнага], то ў нейкі вясковы храм. Рэзоны кожны раз могуць быць розныя, але яўна Лукашэнка перастаў наведаваць богаслужэнні: там звычайна шмат людзей, для гэтага трэба іншы ўзровень бяспекі, арганізацыі.

Ён, як правіла, заходзіць у пусты храм у суправаджэнні парачкі святароў, запальвае свечку, робіць фотачкі, абменьваецца падарункамі, на гэтым праграма скончана. Паколькі мітрапаліт Філарэт ужо нічога не вырашае, ён ідэальна пасуе на ролю дэкарацый, як такі добры дзядуля Мароз. Ён не будзе прасіць выдзяліць зямлю на новую рэзідэнцыю ці яшчэ чагосьці ў такім духу».

Сапраўды, год таму на Вялікдзень Лукашэнка быў у Шклове, два гады таму — у Оршы. Раней наведваў Лельчыцы і іншыя малыя гарадкі.

У такіх жэстах Лукашэнкі ўсё ж угледжваецца калі і не дэманстратыўная непавага, дык, як мінімум, тонкі тролінг мітрапаліта Паўла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?