Фота: Egypt Ministry of Antiquities

Фота: Egypt Ministry of Antiquities

Егіпецкія археолагі выявілі руіны грэка-рымскага храма ў Лівійскай пустыні, прыкладна за 300 кіламетраў на поўдзень ад узбярэжжа Міжземнага мора. Спецыялісты знайшлі пярэднюю частку будынка, уваход, частку пярэдняга двара і рэшткі падмурка. Пра гэта паведамляе выданне Science Alert.

У ходзе раскопак былі знойдзены старажытныя артэфакты: керамічныя пасудзіны, манеты, абломкі скульптуры, вапнавыя статуі львоў і слупы. Архітэктурныя элементы аказаліся ўпрыгожанымі малюнкамі і барэльефамі з грэка-рымскімі матывамі, у прыватнасці, іонікамі — арнаментамі з яйцападобнымі формамі, падзеленымі «стрэлкамі». Сам храм датуецца прамежкам ад 200 года да нашай эры да 300 года нашай эры.

На думку навукоўцаў, адкрыццё дазволіць больш дазнацца пра развіццё культуры ў аазісе Сіва, які размяшчаецца за 50 кіламетраў ад месца раскопак і за 560 кіламетраў ад Каіра. Аазіс ўяўляе сабой ізаляванае чалавечае паселішча, у якім сёння пражывае 23 тысячы чалавек. Лічыцца, што людзі жывуць тут ужо 12 тысяч гадоў, аднак першыя згадкі адносяцца да часоў праўлення Трэцяга пераходнага перыяду ў гісторыі Егіпта (1075—656 гады да нашай эры).

Паколькі храмы звычайна станавіліся цэнтрамі паселішчаў, археолагі лічаць, што далейшыя раскопкі дазволяць знайсці дамы святароў і высветліць, чаму храм пабудаваны ў грэка-рымскім стылі. У часы эліністычнай і рымскай культур людзі звычайна будавалі храмы, традыцыйныя для Старажытнага Егіпта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0