Кіроўца таксі, які ўчыніў смяротную аварыю на вуліцы Мірашнічэнкі ў Мінску, атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, піша Tut.by.

9 красавіка суд Савецкага раёна Мінска прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 5 арт. 317 КК Беларусі (Парушэнне ПДР або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух чалавек) і прысудзіў да дзесяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, тэрмінам на 5 гадоў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Аварыя адбылася 17 жніўня 2017 года каля 7.00 на вуліцы Мірашнічэнкі ў Мінску: сутыкнуліся «Рэно Логан» службы таксі «7788» і рэйсавы аўтобус МАЗ, які рухаўся па маршруце № 24. Таксі заязджала ў горад па вуліцы Мірашнічэнкі, аўтобус у гэты ж час выконваў левы паварот на ДС «Зялёны Луг — 6» па вуліцы Мірашнічэнкі з боку вуліцы Гамарніка.

Пасля сутыкнення ў Renault былі заблакаваныя чатыры чалавекі, яны былі без прытомнасці. Іх выцягнулі ратавальнікі пры дапамозе адмысловай прылады і перадалі медыкам. 19-гадовая дзяўчына-пасажыр загінула, з кіроўцам аўтамабіля таксі і яшчэ двума пасажырамі праводзіліся рэанімацыйныя мерапрыемствы. Пазней у бальніцы памёр яшчэ адзін пасажыр таксі.

Экспертыза ўстанавіла, што ў крыві кіроўцы ўтрымлівалася 1,54 праміле алкаголю.

У ходзе следства і ў судзе абвінавачваны сваю віну цалкам прызнаў і раскаяўся.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру