president.gov.by
У дзяцінстве Лукашэнка марыў стаць журналістам, аднак не вельмі прыемная сустрэча з адным з рэдактараў СМІ і парада будучай цешчы прымусілі яго адмовіцца ад гэтай ідэі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка расказаў падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ. Гэты фрагмент паказаў тэлеканал АНТ.
«Маё першае жаданне было — паступіць на факультэт журналістыкі», — кажа кіраўнік дзяржавы.
Аднак яго будучая цешча, у той час настаўніца ў школе, заявіла, што трэба ісці вучыцца ў педінстытут на гістарычны факультэт. Маўляў, гэта дазволіць зрабіць кар'еру па партыйнай лініі.
— Ну добра, вясковаму хлопцу сказала настаўніца, намеснік дырэктара школы, я і пайшоў, — падзяліўся Лукашэнка.
Ён таксама ўзгадаў пра тое, як яшчэ школьнікам насіў свае вершы галоўнаму рэдактару адной з газет.
— Я пешшу прыйшоў па шпалах, у адзін бок, напэўна, кіламетраў 15 з Александрыі да Шклова. І назад потым, у валёнках, зімой. Прынёс яму свае вершы. Ён так прачытаў, прачытаў, нахабна (адкідвае стос папер убок): «Гэта вершы? Гэта проза».
Дзве хвіліны — я выйшаў адтуль. Ішоў дадому і плакаў. Вось так вось можна адвярнуць чалавека ад усяго адной фразай.





