Самае важнае ў кожным свяце — гэта непаўторная атмасфера і незабыўныя сустрэчы. Праграма «Вяскоўцы» тэлеканала «Белсат» працягвае святкаваць Вялікдзень. А дапытлівы вядоўца Віктар Шукеловіч натхняўся ў вёсцы на новыя подзвігі і рабіў нечаканыя адкрыцці.

Вядома, што няма Вялікадня без каляровых яек, таму Віктар адказна ўзяўся за справу і спачатку спрабаваў пафарбаваць яйкі з дапамогай парашкоў, купленых у магазіне. Але нешта пайшло не так, і на дапамогу Віктару прыйшлі вясковыя жыхары, якія паказалі, як традыцыйна рыхтуюцца яйкі да Вялікадня: спачатку пакрываюцца воскам, а потым варацца ў цыбульным лушпінні.

Віктар таксама даследаваў, як раней святкавалі Вялікдзень у вёсках ды як хадзілі ў валачобнікі. Здаралася раней, што маладзёны маглі сысці з дому на гулянне нават на некалькі дзён. Калі яек і пачастункаў набіралася вельмі многа, валачобнікі пакідалі іх па дарозе ў гаспадароў, як у банку, а толькі пазней вярталіся і забіралі.

Вядоўцу пагуляў у вёсцы «ў біткі», калі вызначалася самае трывалае яйка — «мацак». Яму распавялі таксама пра яшчэ адну колішнюю забаву на Вялікдзень — пеўневыя баі, у якіх удзельнічалі птушкі з вясковых падворкаў. Пры гэтым рабіліся нават адмысловыя стаўкі. Што было ўзнагародай для пераможцы — пра гэта даведаецеся ў новым выданні «Вяскоўцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0